Напярэдадні Дня ведаў і Дня беларускага пісьменства ў Нацыянальнай бібліятэцы Беларусі адбылася значная падзея: тут прэзентавалі факсімільнае выданне першага "Буквара", якому ў гэтым годзе споўнілася 400 гадоў.
Вяртанне на радзіму
Захаваліся ўсяго два асобнікі кнігі, якая была выдадзена ў 1618 годзе ў друкарні Віленскага праваслаўнага брацтва Святога Духа ў Еўе, але ніводнага з іх – у Беларусі.
Дырэктар Нацыянальнай бібліятэкі Раман Матульскі патлумачыў: гэта таму, што на радзіме буквары перадавалі з пакалення ў пакаленне і зачытвалі літаральна да дзірак. Таму нам у некім сэнсе пашанцавала, што некалькі экзэмпляраў кнігі трапілі за мяжу і захоўваліся ў вельмі закрытых бібліятэках, дзе кола чытачоў было вельмі абмежаваным.
Адзін з "Буквароў" знаходзіцца зараз ў Каралеўскай бібліятэцы Даніі, другі ў пачатку XVII стагоддзя быў вывезены брытанскім калекцыянерам у Лондан. На сённяшні дзень гэты асобнік "Буквара" захоўваецца ў Бібліятэцы Мідл Тэмпл у Вялікабрытаніі.
Гэта вельмі рэдкае і каштоўнае выданне да апошняга часу зусім не вывучалася – на тытульным лісце лонданскага асобніка значылася проста: "Кніга на славянскай мове". Але дзякуючы садзейнічанню брытанскіх беларусістаў і выкладчыкаў Лонданскага ўніверсітэта ў 2015 годзе Нацыянальная бібліятэка атрымала магчымасць пазнаёміцца з кнігай і дэталёва вывучыць яе.
Беларускі кнігазнаўца і культуролаг, намеснік дырэктара Нацыянальнай бібліятэкі Алесь Суша здзейсніў падарожжа ў Велікабрытанію, дзе на ўласныя вочы змог убачыць старажытны "Буквар".
"Мы яго алічбавалі, апісалі, даследвалі, падрыхтавалі да друку і сёння прэзентуем у якасці факсімільнага выдання ў трох тамах: факсімільнае ўзнаўленне, пераклад на сучасную беларускую мову і даследаванне", — распавёў Алесь Суша.
Па яго словах, гэта вельмі значная падзея, пакольку дагэтуль "Буквар" у Беларусі фактычна ніхто не бачыў, а зараз, паколькі праект стварэння факсімільнага выдання быў цалкам гуманітарным, не камерцыйным, ён будзе распаўсюджаны па беларускіх бібліятэках, навучальных установах, а таксама – па галоўных бібліятэках замежных краін.
Цікавосткі "Буквара"
Буквар быў разлічаны не толькі на юнацкую, але і на дарослую аўдыторыю, таму што ў час яго выдання шмат дарослых людзей таксама заставаліся непісьменнымі. Кожны артыкул у кнізе пачынаўся з малітвы, што ў выніку склала траціну агульнага аб'ёму. Акрамя малітваў, у "Буквары" можна знайсці афарызмы і біблейскія запаведзі.
Ёсць у буквары і цікавосткі, на якія звярнуў увагу Алесь Суша. Так, напрыклад, у "Буквары" маецца раздзел "прасодзія", дзе змешчаныя знакі прыпынку.
"Гэта фактычна быў перыяд нараджэння беларускай пунктуацыі", — падкрэсліў навуковец.
У раздзеле прадстаўлены як надрадковыя знакі, якія не ўжываюцца зараз, так і тыя, што лёгка можа пазнаць сучасны чытач – рыса, запятая, альбо коска, точка, "вопросительная" – пытальнік, "вместительная" — квадратныя дужкі, "удивительная" – клічнік. Там жа можна ўбачыць лічбы, якія нашы продкі абазначалі літарамі.
На ўрачыстай прэзентацыі факсімільнага выдання таксама прысутнічалі першы намеснік міністра культуры Ірына Дрыга, якая адзначыла, што з'яўленне ў Беларусі факсімільнага выдання чатырохсотгадовага "Буквара" напярэдадні Дня ведаў, калі дзеці пачнуць вывучаць грамату, вельмі важна, і падзякавала прадстаўнікам Белінвестбанку і Еўрапейскага банку рэканструкцыі і развіцця, без фінансавай падтрымкі якіх немагчыма было бы здейсніць навуковы праект.
Партнёрамі праекта таксама выступілі: Бібліятэка Ганаровага таварыства Міддл Темпл у Лондане, Пасольства Злучанага Каралеўства Вялікабрытаніі і Паўночнай Ірландыі ў Рэспубліцы Беларусь, Пасольства Рэспублікі Беларусь у Злучаным Каралеўстве Вялікабрытаніі і Паўночнай Ірландыі, Міністэрства культуры Рэспублікі Беларусь, Міжнародная асацыяцыя беларусістаў, Беларускі дзяржаўны ўніверсітэт і Міністэрства адукацыі Рэспублікі Беларусь.