МІНСК, 3 вер — Sputnik. Кароткачасовыя дажджы, а таксама навальніцы прагназуюцца ў некаторых рэгіёнах Беларусі ў панядзелак, 3 верасня, паведамілі ў Гідрамеце.
Пра тое, што ўжо наступіла восень, нагадалі ранішнія туманы і дастаткова вялікая розніца паміж начнымі і дзённымі тэмпературамі.
"3 верасня ў Беларусі чакаецца пераменная воблачнасць. Ноччу будзе ў асноўным без ападкаў, але ў дзённыя гадзіны ў асобных раёнах прагназуюцца кароткачасовыя дажджы, месцамі з навальніцамі", — паведамілі Sputnik у нядзелю сіноптыкі.
Па іх словах, тэмпература паветра ноччу і раніцай складзе 9-15 градусаў цяпла, але днём будзе плюс 23-29 градусаў у залежнасці ад рэгіёна. У Мінску днём чакаецца да 25 градусаў цяпла.
Па прагнозах сіноптыкаў, увесь першы тыдзень верасня ў Беларусі будзе па-летняму цёплы, але з навальніцамі і дажджамі. Днём у залежнасці ад рэгіёна паветра будзе прагравацца да 22-27 градусаў. У ранішнія гадзіны чакаюцца туманы.