МІНСК, 11 вер — Sputnik. Карціна "Сабібор" акцёра і рэжысёра Канстанціна Хабенскага вылучана на кінапрэмію "Оскар" ад Расіі, паведамляе РІА "Новости" са спасылкай на расійскі оскараўскі камітэт.
"На пасяджэнні камітэта было прынята рашэнне вылучыць ад Расіі фільм "Сабібор" Канстанціна Хабенскага", — распавялі агенцтву ў камітэце.
Там адзначылі, што за вылучэнне фільма прагаласавалі большасцю.
Карціна "Сабібор" апавядае пра рэальныя падзеі, якія адбыліся ў аднайменным канцэнтрацыйным лагеры ў кастрычніку 1943 года. У лагеры смерці адбылося адно з нешматлікіх за ўсю вайну паўстанняў зняволеных, якое ўзначаліў савецкі афіцэр Аляксандр Пячэрскі.
Ролю Пячэрскага выканаў сам Хабенскі, над фільмам працавала міжнародная каманда з пяці краін — Германіі, Літвы, Польшчы, Расіі і Францыі. Карціна знятая на пяці мовах, уключаючы ідыш.
Сусветная прэм'ера карціны адбылася 23 красавіка ў Варшаве, у пракат фільм выйшаў 3 мая, а 9 мая яе паказалі ў Берліне.