МІНСК, 18 вер — Sputnik. Саюз еўрапейскіх футбольных асацыяцый (УЕФА) з вялікай доляй верагоднасці пакарае Беларускую федэрацыю футбола за паводзіны заўзятараў на матчах нацыянальнай зборнай у Лізе нацый, паведамілі Sputnik у прэс-службе Асацыяцыі "Беларуская федэрацыя футбола" (АБФФ).
Беларуская каманда ў пачатку верасня правяла два матчы ў групе 2 дывізіёна D Лігі нацый: дома падапечныя Ігара Крывушэнкі разграмілі Сан-Марына (5:0), на выездзе згулялі ўнічыю з Малдовай (0:0). Падчас паядынкаў фанацкі сектар "Белакрылых" выкарыстаў фаеры і скандаваў палітычныя крычалкі. Дзеянні заўзятараў былі адзначаны ў дакладзе дэлегатамі УЕФА.
"У выніку з вялікай доляй верагоднасці па выніках пасяджэння дысцыплінарных органаў УЕФА на АБФФ будуць накладзеныя санкцыі", — заявілі ў АБФФ.
У АБФФ звярнуліся да заўзятараў: "Выкарыстанне піратэхнікі і палітызацыя спартыўных спаборніцтваў пры дапамозе правакацыйных або абразлівых крычалак забароненыя УЕФА".
У адваротным выпадку, звярнулі ўвагу суразмоўцы агенцтва, на АБФФ будуць накладзеныя штрафныя санкцыі.
"Мы і раней падкрэслівалі недапушчальнасць распальвання нацыянальнай, рэлігійнай варожасці або розні, прапаганды выключнасці, перавагі альбо непаўнавартаснасці грамадзян па прыкмеце іх адносін да нацыянальнай прыналежнасці — і ўсяляк імкнуліся засцерагчы ад чаго-небудзь падобнага беларускі футбол. Сягоння ж — у святле атрыманых ад УЕФА заўваг — вымушаныя яшчэ раз звярнуцца да балельшчыкаў", — працягнулі ў АБФФ.
У федэрацыі нагадалі, што 12 і 15 кастрычніка беларуская зборная правядзе два дамашнія матчы — супраць Люксембурга і Малдовы. Калі на гэтых гульнях фанаты працягнуць весці сябе некарэктна, санкцыі з боку УЕФА могуць быць больш жорсткімі.
У АБФФ заклікалі адмовіцца ад палітычных крычалак і выкарыстання піратэхнікі, як на стадыёне, так і за яго межамі. У федэрацыі папрасілі заўзятараў накіраваць сваю энергію ў мірнае рэчышча.