МІНСК, 19 вер — Sputnik. Чатырохразовая алімпійская чэмпіёнка Дар'я Домрачава зоймецца каратэ ў рамках праекта Bright Team дырэкцыі II Еўрапейскіх гульняў 2019 года, паведамілі Sputnik у прэс-службе фонду.
Трэніроўка з удзелам Домрачавай адбудзецца 24 верасня ў зале кафедры спартыўна-баявых адзінаборстваў і спецпадрыхтоўкі БДУФК. Занятак правядзе сяміразовы чэмпіён Беларусі Андрэй Грыневіч.
Разам з Домрачавай свае сілы ў каратэ паспрабуюць зоркі айчыннага шоу-бізнэесу Тэа, Артэміс Ахпаш, Анжаліка Пушнова, Марына Грыцук і Таццяна Рудакоўская. Акрамя таго, у трэніроўцы возьмуць удзел супрацоўнікі фонду.
"Яна (Домрачава — Sputnik) працягне праект Bright Team, адной з галоўных мэтаў якога з'яўляецца папулярызацыя відаў спорту, уключаных у праграму будучага мультыспартыўнага форуму", — распавялі ў фондзе.
Праект Bright Team стартаваў 1 жніўня. За паўтара месяца адбыліся некалькі цікавых спартыўных мерапрыемстваў, сярод якіх Bright Beach Soccer, Bright 3x3 Basketball і іншыя. Праект прадугледжвае далейшае правядзенне шэрагу сяброўскіх сустрэч.
Нагадаем, у ліпені Домрачава, якая завяршыла біятлонную кар'еру, стала першым зорным паслом Еўрапейскіх гульняў 2019 года.