МІНСК, 20 вер — Sputnik. "Белпошта" афіцыйна запусціла ў эксплуатацыю поштаматы, пра гэта паведамілі ў прэс-службе прадпрыемства.
Новыя апараты для самастойнага атрымання пасылак — поштаматы — пачалі працаваць ў Мінску, Оршы, Лідзе, Барысаве і Бабруйску, сумарна — 20 апаратаў. У "Белпошце" паведамілі, што перанялі вопыт у суседзяў — падобнае абсталяванне выкарыстоўваецца ў Расіі і краінах Балтыі.
"Калі чалавек рэгулярна атрымлівае міжнародныя паштовыя адпраўленні з замежных інтэрнэт-крам або ад сваякоў за мяжой, хутчэй за ўсё, кліент карыстаецца паслугай перанакіравання. Як толькі посылка атрымала нумар, па якім яе можна адсочваць, пасылка можа быць перанакіраваная. У кліента ў асабістым кабінеце на сайце Белпошты з'явіцца дадатковае меню "поштаматы". Ён зможа ўбачыць іх адрасы і перанакіраваць пасылку ў поштаматы", — распавёў начальнік упраўлення тэхнічнага і сеткавага ўзаемадзеяння РУП "Белпошта" Аляксей Цвірко.
Паводле яго слоў, каб скарыстацца аўтаматам, неабходна аднойчы зарэгістравацца ў асабістым кабінеце на сайце і прайсці ідэнтыфікацыю ў найбліжэйшым да поштамата аддзяленні (з пашпартам або правамі).
Пра магчымасць забраць пасылку кліентаў апавяшчаюць SMS-паведамленнямі або электроннымі лістамі, там жа змяшчаецца код, які дазволіць адкрыць вочка. Аплаціць пасылку ў выпадку неабходнасці таксама можна пры дапамозе поштамата, але толькі картай.
У перспектыве сетка поштаматаў у Беларусі будзе пашырана: іх могуць усталёўваць не толькі зблізку паштовых аддзяленняў, але і, напрыклад, у гандлёвых цэнтрах.