Лаўрэат Нобелеўскай прэміі міру, фізік-ядзершчык Кэнет Брокман наведвае Беларусь ужо ў дзевяты раз. Часцей за ўсё ён прыязджае з лекцыямі ў Гомельскі медыцынскі ўніверсітэт, дзе з'яўляецца ганаровым доктарам. Паслухаць нобелеўскага лаўрэата ў Нацыянальнай бібліятэцы Беларусі, дзе зараз праходзіць выстава "Беларусь і Біблія", у рамках якой і адбылася лекцыя "Біблія і навука", сабралося столькі людзей, што першым пытаннем спадара Брокмана да аўдыторыі было: ці можам мы неяк раздвінуць сцены?
Беларусь – другі дом
Кэнет Брокман на працягу чатырох гадоў вучыўся на інжынера і потым на працягу дзевяці гадоў служыў у арміі ЗША. З 1979 года ён працаваў у ядзернай індустрыі як інжынер і як мэнэджар (і нобелеўскую прэмію, дарэчы, атрымаў за "меры па прадухіленні выкарыстання атамнай энергіі ў ваенных мэтах" у складзе групы МАГАТЭ).
З Беларуссю Кэнета звязваюць вельмі цесныя адносіны, якія пачаліся, калі ён на працягу 3 гадоў пасля чарнобыльскай аварыі супрацоўнічал з прадстаўнікамі Дзяржатамнагляда Украіны, каб палепшыць сродкі рэагавання на надзвычайныя сітуацыі.
"Мы з жонкай, калі гаворым пра Беларусь, называем яе другім домам. На працягу многіх гадоў мы працавалі з навучэнцамі ў Гомелі. Я ўдзячны кожнаму з вас за тое, што вы дазволілі мне далучыцца нейкім чынам да жыцця вашых дзяцей", – сказаў Кэнет Брокман.
Навуковец пажартаваў, што ён блаславёны не толькі 3 дзецьмі і 9 уласнымі ўнукамі, але і некалькімі сотнямі тут, у Беларусі.
Тэорыя струн у дачыненні да Бібліі
Навуковец адразу прапанаваў слухачам прагаласаваць: хацелі б яны зараз пачуць лекцыю па ядзернай энергетыцы або абмеркававаць цуда прысутнасці Бога ў нашым жыцці. Але падлавіць аўдыторыю апынулася цяжка: усе згаралі ад нецярпення даведацца, як навуковец ставіцца да рэлігіі.
"Калі людзі глядзяць на мяне, многія з іх думаюць, што я чалавек навукі, які займаецца нейкімі тэхнічнымі пытаннямі. Але ёсць заўсёды другі бок медаля. Калі паглядзець на яго, можна сказаць, што гэта ўжо 3 раз, калі я наведваю мерапрыемствы, звязаныя з Бібліяй. Я дыякан у сваёй царкве, у маім сэрцы Бог", — адзначыў Кэнет Брокман і дадаў па-руску "Слава Богу", чым выклікаў апладысменты.
Навуковец згадзіўся, што сапраўды можа ўзнікнуць пытанне, як сумясціць веру і навуку, паміж якімі заўсёды існуе напружанасць, і прапанаваў слухачам успомніць прыклад суайчынніка, які здолеў сумясціць гэтыя два паняцці – канешне, Кэнет Брокман меў на ўвазе Францыска Скарыну.
Адносіны паміж верай і навукай Кэнет Брокман параўнаў з нацягненнем струн у музычным інструменце. Калі струна занадта напруджана, яна парвецца, а калі нацяжэнне недастатковае, струна правісне і гука не атрымаецца. І толькі калі нацяжэнне струны такое, якое павінна быць, атрымаецца музыка.
Тры credo Кэнета Брокмана
Нобелеўскі лаўрэат адзначыў, што ён сам мае як мінімум тры прычыны верыць у тое, што сённяшняя навука толькі пацвярджае, што Пісанне адпавядае рэчаіснасці. Тры доказы, на погляд Кэнета Брокмана, гэта пацвярджэнне відавочнага, маральны падмурак цывілізацыі і магчымасць выйгрышу.
Каб растлумачыць першы, навуковец прапанаваў узгадаць, колькі існуе ў Сусвеце зорак і іншых касмічных аб'ектаў, а на Зямлі – формаў жыцця, якія няма магчымасці падлічыць, і прывёў прыклад з уласнага жыцця:
"Мая апошняя ўнучка нарадзілася вагою 600 грамаў. Я мог трымаць яе на далоні, такая яна была маленькая. Яе скура была настолькі тонкая, што я бачыў усе сасуды, і калі яна дыхала, яна выглядала як матылёк. Калі мы глядзім на нашу планету, на зоркі, і я гляджу на гэта маленькае стварэнне, я раблю выснову, што ўсё гэта не магло ўзнікнуць выпадкова".
Напэўна, многа хто ўжо забыўся, што ў слова "гугол" (англ. googol) ёсць яшчэ адно значэнне – акрамя папулярнага пошукавага сэрвісу, гэта і адзінка са ста нулямі.
"Адзін гугол – гэта большая верагоднасць, чым верагоднасць таго, што ўсё гэта ўзнікла выпадкова. Людзі кажуць, што свет утварыўся ў выніку выбуху. Добра, а хто тады падрыхтаваў гэты выбух?" – задаў пытанне Кэнет Брокман.
Навука – як, вера – чаму
Без веры не можа быць індывідуальнай маралі, пастулюе Кэнет Брокман і спасылаецца на выказванне Эйнштэйна: мы маем рацыю, калі гаворым пра маральны падмурак навукі, але не можам казаць пра навуковы падмурак маралі.
У навуковым працэсе ўсё звязана з фактамі: гіпотэзы, эксперымент, выснова, – ніхто не думае пра наступствы. І толькі з верай мы пачынаем размаўляць пра каштоўнасці.
"У навукі добра атрымоўваецца адказваць на пытанне, як нешта працуе, а ў веры – пра каштоўнасць. Навука – як, вера – чаму. Джон Адамс, другі прэзідэнт Амерыкі, сказаў пра Канстытуцыю: Канстытуцыя была створаная для маральных і рэлігійных людзей і абсалютна не падыходзіць, каб быць кіруючым дакументам для іншых людзей", – нагадаў Кэнет Брокман у сувязі з пытаннямі, якія паўстаюць зараз у Злучаных Штатах.
Бяспройрышная латэрэя
Нарэшце, трэцяя прычына мець веру ў Бога Кэнета Брокмана абапіраецца на выказванне Паскаля. Знакаміты навуковец сцвярджаў, што, калі Бог ёсць, але вы не верыце ў яго, вы страчваеце вечнасць, калі ж Бога не існуе і вы не верыце ў яго – вы не страчваеце нічога. Справядліва і адваротнае: калі Бог існуе і вы верыце ў яго, вы атрымоўваеце вечнасць. Калі Бога няма, але вы верыце ў яго – зноў жа, нічога не страчваеце.
"Калі я веру ў Бога – я атрымоўваю ўсё і не страчваю нічога. Калі я не веру ў Бога – я страчваю ўсё і нічога не атрымоўваю", – падагульніў Кэнет Брокман.
У выніку на пытанне, як можна быць чалавекам веры і навукі адначасова, навуковец адказаў коратка: "Як можна не быць?"
Божы гадзіннік і Беларуская АЭС
Пасля лекцыі ў аўдыторыі засталося шмат пытанняў, на якія Кэнет Брокман адказваў часам жартліва, часам – вельмі сур'ёзна. Так, калі жанчына запыталася, як суадносіцца, на яго думку, стварэнне і эвалюцыя, навуковец адказаў: "У Бібліі напісана, што ўсё было створана за 7 дзён, але там таксама напісана, што адзін дзень або адна хвіліна – як тысяча гадоў. Я не кантралюю божы гадзіннік".
Апынулася, што ў аўдыторыі прысутнічае былы афіцэр савецкіх ракетных войскаў, які адказваў за запуск ядзерных ракет на ЗША. Ён запытаўся, як ваеннаслужачаму, ад якога залежаць тысячы жыццяў, абраць паміж доўгам і спачуваннем да людзей.
Кэнет Брокман, які сам на працягу 11 гадоў быў на ваеннай службе, адзначыў, што не бачыць розніцы паміж чалавекам, які трымае палец на чырвонай кнопцы, і салдатам, які трымае пад прыцэлам нават аднаго чалавека.
"Заўсёды ўзнікае пытанне адносна маіх абавязкаў і таго, чаго хоча Бог. Вайна была часткай нашай гісторыі з самага пачатку існавання чалавека, але мы павінны прыкладаць намаганні, каб не стаць на гэты шлях", – адзначыў навуковец.
Канешне, не маглі ў аўдыторыі не пацікавіцца стаўленнем Кэнета Брокмана да будаўніцтва Беларускай АЭС.
"Са свайго прафесійнага вопыту я магу сказаць, што ведаю, што гэта за праект рэактара. Гэта добры праект, не той, што быў выкарастаны ў Чарнобылі. Катастрофа, якая адбылася ў Чарнобылі, не можа адбыцца на гэтай атамнай станцыі, таму што тут іншыя фізічныя характарыстыкі", – запэўніў слухачоў Брокман.
Ён размаўляў з кіраўніком Дзяржатамнагляду Беларусі і адзначыў, што з ёй працуе вельмі добрая каманда, члены якой прыязджаюць на месца і назіраюць за тым, як вядзецца праца, таму што іх мэта – каб людзі жылі ў бяспецы.
"Я адкажу на ваша пытанне так. Калі б я вырашыў пераехаць у Беларусь са сваёй сям'ёй і вы захацелі б пасяліць мяне за два кіламетры ад АЭС – я быў бы не супраць", – падагульніў навуковец.
Намер Германіі цалкам адмовіцца ад атамнай энергіі, на яго погляд, цалкам палітычнае, а не тэхнічнае рашэнне, якое было прынята адразу пасля аварыі на Фукусіме. Прычым Германіі гэта рашэнне будзе каштаваць шмат грошай, таму што яна патрапіць у залежнасць ад імпарту энергіі.
Біблейскія героі ад MARVEL
Напрыканцы лекцыі Кэнет Брокман падпісаў для ўсіх жадаючых кнігу "Дабро і зло" – біблейскія гісторыі ў малюнках мастака, які робіць ілюстрацыі для коміксаў MARVEL.
"Гэта кніга дзіўная тым, што гэта Біблія ў вельмі глыбокім і фундаментальна вытрыманым разуменні. У наш век, калі людзі перасталі чытаць – а людзі ж зараз не чытаюць, асабліва моладзь – як ты патлумачыш дзецям: "Будзь добрым, таму што будзь добрым"? Гэта зусім не ўражвае", – адзначыла Ніна Рыжкова, прадстаўнік беларускай хрысціянскай місіі ў Злучаных Штатах Амерыкі, намаганнямі якой кніга выйшла на рускай мове.
Лекцыі ў рамках выставы "Беларусь і Біблія" працягнуцца ў аўторак 25 верасня у 14:00 размовай з доктарам Оксфардскага цэнтра місіянерскіх даследаванняў Брусам Андэрсанам, які вывучае Берасцейскую біблію.