Беларускія гісторыкі не замыкаюцца ў сабе ці толькі на супрацоўніцтве з калегамі з Расіі. Ва ўмовах глабалізацыі нават такая кансерватыўная сфера жыцця чалавека, як навука, павінна паспяваць за светам, які імкліва змяняецца. Каб не адставаць ад сваіх калегаў у розных краінах, паміж навукоўцамі даўно наладжаны дыялог, які дазваляе абменьвацца думкамі на высокім узроўні.
Як выбудоўваецца супрацоўніцтва гістарычнага факультэта БДУ з партнёрамі на Захадзе і Усходзе і як развіваецца адукацыя ў галоўнай ВНУ краіны, Sputnik даведаўся ў доктара гістарычных навук, дэкана факультэта Аляксандра Каханоўскага.
Узаемная акадэмічная зацікаўленнасць
Беларускі дзяржаўны ўніверсітэт тут не выключэнне і актыўна супрацоўнічае з партнёрамі ў Еўрапейскім саюзе. Адным з іх з'яўляецца Заходнечэшскі ўніверсітэт, з якім таксама плануецца развіваць магістарскую праграму.
"У цяперашні час актыўна абмяркоўваецца сумесная магістратура з універсітэтам у Пльзэне. Праўда, пакуль гэтае пытанне не так прапрацавана, як, напрыклад, з МДУ", — прызнаў дэкан гістарычнага факультэта БДУ.
З Заходнечэшскім універсітэтам супрацоўніцтва будуецца ўжо не першы год, у рамках яго ёсць і акадэмічная мабільнасць, у тым ліку па праграме Erasmus. Таму абмеркаванне пытанняў аб адкрыцці сумеснай магістратуры ўзнікла не на пустым месцы.
"Супрацоўніцтва паміж нашымі ўніверсітэтамі ідзе на ўзроўні кафедраў. З нашага боку актыўна працуе кафедра гісторыі заходніх і паўднёвых славян. Да таго ж цяпер студэнты нашай кафедры гісторыі Беларусі Новага і Найноўшага часу праходзяць там стажыроўкі", — сказаў Аляксандр Каханоўскі.
Улічваючы, што студэнты гістфаку маюць магчымасць штогод праходзіць замежныя стажыроўкі, лагічна, што і супрацоўніцтва выйшла ўжо на этап, калі трэба ствараць і сумесныя адукацыйныя праекты.
Зараз вядзецца праца над сумеснай магістратурай з адным з нямецкіх універсітэтаў Цюбінген, але пакуль дыялог знаходзіцца ў пачатковай стадыі. Праўда, гэта стала вынікам больш чым дзесяцігадовага супрацоўніцтва і акадэмічнай мабільнасці ў рамках праграмы Erasmus. Наогул, перад тымі, хто паступае ў магістратуру гістарычнага факультэта, адкрываюцца зараз перспектывы не толькі атрымання другой ступені адукацыі. Ёсць рэальная магчымасць удзельнічаць у акадэмічным абмене з універсітэтамі Польшчы, Чэхіі, Германіі і, безумоўна, Расіі, і ў першую чаргу гэта МДУ.
Дыялог ідзе на роўных
Зацікаўленнасць заходніх ўніверсітэтаў у супрацоўніцтве з гістарычным факультэтам БДУ тлумачыцца самым простым чынам — там існуюць свае школы славістыкі, дзе, у тым ліку, вывучаецца гісторыя і культура Беларусі. Ідзе актыўны абмен студэнтамі, выкладчыкамі і навуковай інфармацыяй.
"Мы досыць прывабныя для іх. Ніколі не сутыкаліся з тым, што, прыехаўшы, заходнія партнёры заяўлялі б, што наш узровень ніжэйшы. Дыялог ідзе на роўных, таму што ў нас дастатковы ўзровень кваліфікацыі", — канстатаваў дэкан.
Праўда, потым дадаў, што і ўзровень падрыхтоўкі студэнтаў таксама супастаўны ў Беларусі і Заходняй Еўропе, і няма нейкага адставання ў навучальных працэсах.
"Беларускі дзяржаўны ўніверсітэт — гэта брэнд, які не проста прызнаны, ён у першую чаргу яшчэ і прывабны, у тым ліку для нашых замежных калегаў. Дзякуючы гэтаму ўжо пачынае прапрацоўвацца супрацоўніцтва з універсітэтамі Вялікабрытаніі", — адзначыў кіраўнік факультэта.
Зараз сумесная праца ідзе ў рамках міжнароднага праекта Compass, і беларускія гісторыкі супрацоўнічаюць з брытанскімі ўніверсітэтамі Кента і Кембрыджа.
Магістратура з МДУ
Праца па распрацоўцы сумеснай магістарскай праграмы з Маскоўскім дзяржаўным універсітэтам выйшла ўжо на фінішную прамую. Яна будзе прысвечана вывучэнню беларускай дыяспары.
"У бліжэйшы час адбудзецца афіцыйны візіт дэлегацыі БДУ ў Маскву. Рэктары Андрэй Кароль і Віктар Садоўнічы падпішуць пагадненне аб выдачы дыпломаў па сумеснай магістарскай праграме", — паведаміў дэкан гістарычнага факультэта.
Прычым у будучых выпускнікоў гэтай праграмы не ўзнікне праблем з настрыфікацыяй у Беларусі ці Расіі, таму што на руках у іх будзе адразу два дыпломы ад БДУ і МДУ, якія яны будуць прад'яўляць пры неабходнасці.
Дасягнуць пагаднення аб пачатку сумеснай праграмы падрыхтоўкі магістраў паміж вядучымі ўніверсітэтамі атрымалася ў мінулым навучальным годзе, калі на базе Маскоўскага ўніверсітэта прайшлі дні гістарычнага факультэта БДУ.
"Навучанне будуць весці выкладчыкі МДУ і БДУ. Так будзе пабудаваны навучальны працэс. Магістранты будуць слухаць курсы, якія распрацаваны ў двух універсітэтах, так што тут няма нейкай манаполіі", — звярнуў увагу Аляксандр Каханоўскі.
Праўда, потым ён дадаў, што ў рамках гэтага курса будуць рыхтавацца адзінкавыя спецыялісты. Тут не будзе масавага патоку, і адбірацца будуць самыя моцныя. Да таго ж гэта дазволіць вырашаць усе пытанні, якія ўзнікаюць падчас навучальнага працэсу. Нават такія простыя бытавыя, як пражыванне і пераезды паміж двума сталіцамі. У тым ліку і для выкладчыкаў не паўстане ніякіх складанасцяў.
Магістратура для ўсёй краіны
У гэтым навучальным годзе сур'ёзныя змены на гістфаку закранулі ў першую чаргу магістратуру. Падчас двухгадовай падрыхтоўкі будучыя магістры асноўную ўвагу надавалі вывучэнню прадметаў, па якіх здавалі кандыдацкія мінімумы. Зараз на другім годзе навучання асноўны ўпор зроблены на спецыяльныя прадметы.
"Гэта звязана з паглыбленай прафесійнай падрыхтоўкай спецыялістаў. Цяпер навучальны план прадугледжвае выкладанне дысцыплін, якія раней не выкладаліся. У тым ліку, некаторыя курсы не выкладаліся раней нават у нашых суседзяў", — распавёў Аляксандр Каханоўскі.
Сярод новых курсаў, напрыклад, ёсць такі, як "Улада і грамадства ў Беларусі ў Новы і Найноўшы час", або курсы, звязаныя з дзейнасцю беларускай эміграцыі, у цэлым з працэсамі міграцыі.
Цікава, што, адказваючы духу часу, на гістфаку з'явіўся такі курс, як "Музейная анімацыя". Сучасныя музеі патрабуюць ад супрацоўнікаў арыгінальных падыходаў, і цяпер прафесіяналы будуць гэтаму вучыць у БДУ.
Зараз на факультэце практычна завершана падрыхтоўка да адкрыцця завочнай магістратуры. Быў праведзены адмысловы маніторынг, і аказалася, што жадаючых вучыцца ў магістратуры завочна шмат.
"Мы гатовыя рыхтаваць спецыялістаў для ўсёй краіны. Мы зацікаўлены прыцягваць выпускнікоў з усёй краіны. Гэта знак да іх, што меркаванне пра тое, што гістарычны факультэт БДУ набірае ў магістратуру толькі сваіх выпускнікоў, не што іншае, як прадузятасць", — акцэнтаваў увагу Аляксандр Каханоўскі.
Магчымасць сумясціць працу і вучобу
Папулярнасць завочнай магістратуры тлумачыцца вельмі проста. Многія выпускнікі размеркаваліся і працуюць па сваёй спецыяльнасці, але хочуць і далей расці як прафесіяналы. Для гэтага, натуральна, патрабуецца больш высокі ўзровень падрыхтоўкі.
На жаль, не ва ўсіх ёсць магчымасць спалучаць працу і вочнае навучанне ў магістратуры. Бо яны могуць працаваць і досыць далёка ад абласных цэнтраў у маленькіх гарадах і нават вёсках.
"Мы будзем развіваць завочную магістратуру і даваць паўнавартаснае навучанне. Будуць укараняцца і дыстанцыйныя сістэмы навучання, праводзіцца кансультацыі, паўнавартаснае навучанне па суботах", — падзяліўся планамі дэкан.
Прычым будучыя магістранты змогуць і працягнуць вучыцца ў аспірантуры на гістфаку БДУ, і пры жаданні вярнуцца ў свае alma mater. Галоўнае, што ніхто не ставіць ім перашкод: калі ёсць жаданне вучыцца ў БДУ, магчымасць будзе прадастаўлена.
"Больш за тое, яны ўжо цяпер ёсць сярод магістрантаў і вучацца", — рэзюмаваў Аляксандр Каханоўскі.