МІНСК, 2 кас — Sputnik. Замежнікам за наведванне заказніка "Альманскія балоты" прыйдзецца плаціць як мінімум да 2021 года, паведамілі Sputnik у прэс-службе прэзідэнта.
Аляксандр Лукашэнка 1 кастрычніка падпісаў указ, якім дзеянне рэжыму збірання платы за права знаходжання ў заказніку падоўжана.
"Дадзенае рашэнне дазволіць працягнуць працу па ўпарадкаванні сезоннага наведвання дадзенага заказніка жыхарамі прыгранічных раёнаў Украіны", — сказалі ў прэс-службе.
Там таксама ўдакладнілі, што кожны год для збору грыбоў і ягад на Альманскія балоты прыязджаюць каля 600 чалавек — у асноўным грамадзяне сумежнай Украіны.
Упершыню плата за наведванне Альманаў была ўведзена ў 2015 годзе, пасля яе дзеянне некалькі разоў прадаўжалася.
Альманскія балоты — найбуйнейшы суцэльны балотна-лясны комплекс, які захаваўся на тэрыторыі Еўропы, ён займае плошчу 94 тысяч гектараў. Тут жывуць некалькі дзясяткаў відаў звяроў і птушак, занесеных у Чырвоную кнігу.