Багач — гэта заключнае свята збору ўраджаю. У народным календары Багач прымеркаваны да заканчэння працы на полі. Гэта свята называецца так таму, што лічыцца: да гэтага часу ў добрых гаспадароў усяго багата — і жыта, і гародніны.
Багач супадае з царкоўным святам Малая Прачыстая — раством Прасвятой Багародзіцы.
У гэты дзень вяскоўцы рабілі Багач, які ўяўляў сабой лубок з зернем, у сярэдзіну якога ўстаўлялася свечка. Кожны чалавек павінен быў прынесці па жменьцы зерня новага ўраджаю для Багача.
Лубок з зернем і запаленай свечкай праносілі па вёсцы, а потым ставілі пад абразамі на покуці ў хаце лепшых у вёсцы гаспадароў.
Усё гэта рабілася, каб наступны ўраджай быў добры, дамашнія жывёлы пладзіліся, а ў сям'і быў лад.
Таксама на Багач ладзілі кірмаш, гулялі ў гульні, спявалі песні і танчылі.
Глядзіце ў фотастужцы, як сябры Студэнцкага этнаграфічнага таварыства 30 верасня адсвяткавалі Багач у вёсцы Вязынка Маладзечанскага раёна на тэрыторыі Музея Янкі Купалы.