МІНСК, 9 кас - Sputnik. Спектакль "451 па Фарэнгейту" па матывах аднаіменнага навукова-фантастычнага рамана-антыутопіі Рэя Брэдберы прадставіць Гродзенскі абласны драматычны тэатр у Мінску у рамках конкурснага адбору Нацыянальнай тэатральнай прэміі ў секцыі драмы.
Убачыць новае прачытанне культавай кнігі ад рэжысёра Генадзя Мушперта гледачы змогуць на сцэне тэатра Горкага 21 кастрычніка.
У пастаноўцы расказваецца гісторыя Гая Монтэга, які працуе "пажарным", то бок паліць кнігі і ўпэўнены, што ўсё робіць правільна. Але праз некаторы час да яго прыходзіць расчараванне ў грамадскіх ідэалах, якое прыводзіць Гая да групы маргіналаў, што імкнуцца ўратаваць кнігі для нашчадкаў.
Генадзь Мушперт тлумачыць свой выбар матэрыялу для спектакля жаданнем змяніць адносіны да тэатра як да вар’етэ.
Галоўнай інтрыгай спектакля стануць сцэны спалення людзей, якія рэжысёр абяцае паказаць з дапамогай адмысловых сродкаў.
Разам з Гродзенскім абласным драмтэатрам за перамогу ў секцыі драмы будуць змагацца спектакль "Бетон" Рэспубліканскага тэатра беларускай драматургіі, "Шлюбная дамова" тэатральнага праекта "ТрыТфармаТ", "Ваша сястра і палонніца" Гомельскага абласнога драматычнага тэатра, "Вераніка вырашае памерці" Тэатральнай майстэрні Наталлі Башавай і іншыя.
Чытайце таксама:
- Хто ўвайшоў у шорт-ліст Нацыянальнай тэатральнай прэміі ў гэтым годзе?