МІНСК, 5 сне - Sputnik. Урад Беларусі вырашыў павялічыць памер мінімальнай зарплаты для беларусаў з 1 студзеня будучага года да 330 рублёў, паведамілі ў Мінсацпрацы.
У гэтым годзе яшчэ ў студзені было вырашана, што ўзровень мінімалкі будзе складаць 93,8% ад мінімальнага спажывецкага бюджэту сям'і з чатырох чалавек.
Фактычна на канец года атрымліваецца, што 305 рублёў мінімалкі - гэта ўсяго толькі 87,7% ад МСБ. Гэты факт выклікаў абурэнне ў канцы лістапада ў Федэрацыі прафсаюзаў Беларусі.
Тады трымаць адказ перад федэрацыяй прыйшлося міністру працы і сацыяльнай абароны Ірыне Касцевіч, якая паспяшалася запэўніць, што ўрад павысіць мінімалку да 95% ад МСБ.
Цікава, што пазіцыя прафсаюзаў была куды радыкальнейшая - павысіць мінімалку да 100% ад мінімальнага спажывецкага бюджэту сям'і з чатырох чалавек.
Як бачна з рашэння ўрада, пазіцыя ФПБ не была пачутая, і мінімалка павялічылася для беларусаў нязначна, усяго на 25 рублёў.