МІНСК, 10 сту - Sputnik. Трэці этап ралі-рэйду "Дакар-2019" выдаўся вельмі складаным для ўдзельнікаў, распавялі пілоты каманды "МАЗ-СПОРТаўта".
Прычым для лідара беларускай каманды Сяргея Вязовіча ён аказаўся складаным яшчэ да старту - пасля перавароту на фінішы другога этапа мэханікам неабходна было аператыўна аднавіць грузавік, і яны з гэтым справіліся, аднак перад выездам на стартавую кропку выявіўся схаваны дэфект ступіцы, выкліканы падзеннем. У выніку каміён Вязовіча спазніўся на старт амаль на 30 хвілін.
Аднак падчас самога этапу пяшчанікі зблыталі карты шматлікім - грузавікі спыняліся, каб выцягнуць з пастак іншых удзельнікаў. На выручку адзін аднаму і сапернікам прыходзілі і МАЗаўцы.
"Спецучастак быў сур'ёзны і цяжкі - пяшчаны. Ішлі вельмі добра, нават абышлі Дэ Роя і шмат каго. Але потым патрапілі ў пастку, адкуль нас выратаваў Сяргей Вязовіч. Пакуль мы збіраліся, Сяргей з'ехаў, аказалася, што метраў праз пяцьсот сядзеў МАЗ Вішнеўскага і КамАЗ Мардзеева. Напачатку нам давялося выцягнуць КамАЗ, каб вызваліць шлях Аляксею, і далей ён змог выбрацца", - так апісвае сітуацыю Аляксандр Васілеўскі.
У выніковым заліку грузавікоў лідзіруе па-ранейшаму Эдуард Нікалаеў, на другое месца падняўся яшчэ адзін расійскі экіпаж - Дзмітрыя Сотнікава, трэці - аргентынец Федэрыка Вілагра на Iveco. У топ-10 пакуль знаходзіцца адзін беларускі экіпаж - Аляксея Вішнеўскага, ён прайграе лідару крыху больш за дзве гадзіны. Васілеўскі і Вязовіч займаюць 14 і 18 радкі адпаведна.
У пазадарожным заліку на першым месцы катарац Насэр Аль-Атыя, другое і трэцяе месца - у гоншчыкаў MINI, саўдзіта Язіда Аль Раджы і француза Стэфана Петерансэля.
Мотазалік узначальвае чыліец Пэдра Куінтанілья, другі радок за аргентынцам Кевінам Бенавідэсам, трэці - брытанец Сэм Сандерлэнд. У заліку квадрацыклістаў лідарства ў трох аргентынцаў - Кавігліаса, Ферыёлі і Галегі. Чацвёрты этап гонкі стартуе ў чацвер, яго маршрут пракладзены паміж гарадамі Арекіпа і Макегуа.