МІНСК, 15 сту - Sputnik. Васьміразовы алімпійскі чэмпіён Уле Б'ёрндален распавёў, чаму абраў Домрачаву, колькі каштуе яго самы дарагі пыласос і з-за чаго ён у апошні раз плакаў, яго адказы прыводзіць "Матч ТБ".
Спартсмен падзяліўся рознымі фактамі пра сябе. Напрыклад, курыў і біўся Б'ёрндален толькі ў юнацтве, і алкаголь не ўжывае вельмі даўно. "У апошні раз, калі я піў алкаголь, мне было 12 гадоў", - сказаў ён.
Плакаў з-за дачкі
Па словах Уле Б'ёрндалена, плакаў ён у апошні раз з-за дачкі: спачатку калі яна нарадзілася, а пасля падставай для слёз заўсёды былі "нейкія прыемныя моманты, звязаныя з Ксеніяй".
Таксама спартсмена папрасілі расказаць пра самы вар'яцкі ўчынак, які ён здзяйсняў у жыцці. Легендарны біятланіст успомніў "не вар'яцкі, а дурны".
"Праехаў на хуткасці 330 кіламетраў у гадзіну на матацыкле", - падзяліўся сваім успамінам чэмпіён і адзначыў, што адбылося гэта ў Еўропе, дзе забаронена ездзіць так хутка.
Абраў Домрачаву таму, што прыгожая
Спартсмен распавёў, што закахаўся ў Дар'ю Домрачаву па мностве розных прычын. "Па-першае, яна прыгожая дзяўчына. Дар'я вельмі разумная, з добрым характарам", - растлумачыў Б'ёрндален.
Таксама ён распавёў, колькі пыласосаў ёсць у сям'і, і ў якую суму абышоўся яму самы дарагі.
"Дома, напэўна, штукі дзве-тры. У нас ёсць вялікі дом у Мінску. Там дзесьці пяць-шэсць. Усяго каля васьмі. Мой першы пыласос каштаваў 3000 еўра", - распавёў чэмпіён.
Праз 10 гадоў бачыць сябе сямейным
Паводле яго слоў, "старым" спартсмен сябе не адчувае.
"Дасведчаным - так. У звычайным жыцці я адчуваю сябе вельмі маладым", - сказаў Б'ёрндален.
Праз дзесяць гадоў ён спадзяецца ўбачыць сябе шчаслівым чалавекам з дружнай сям'ёй, а таксама не выключае, што ў доме будзе больш дзяцей.
"Буду нашмат больш часу праводзіць з маёй жонкай і дзецьмі. І спадзяюся, што мне ўдасца знайсці добры новы выклік для свайго жыцця. Мне гэта неабходна", - сказаў на заканчэнне спартсмен.