МІНСК, 22 сту - Sputnik. Алімпійская чэмпіёнка па фігурным катанні Аліна Загітава, нягледзячы на просьбы заўзятараў даць аўтограф, пакінула трэніроўку раней за іншых спартсменак, паведамляе Sputnik.
Мінск упершыню прымае чэмпіянат Еўропы па фігурным катанні. Сёння і заўтра на лёдзе "Мінск-Арэны" - трэніроўкі. Афіцыйны старт турніру будзе дадзены заўтра, адкрые спаборніцтвы кароткая праграма ў жаночым адзіночным катанні.
Загітава сёння выйшла на трэніроўку ў кампаніі сваіх партнёраў па зборнай - Соф'і Самадуравай, Станіславы Канстанцінавай. Разам з імі адпрацоўвалі элементы сваіх выступаў шведская фігурыстка Аніта Остлунд, армянка Анастасія Галусцян і прадстаўніца Латвіі Элізабэт Жубкане. За заняткам з трыбун сачылі заўзятары.
Бліжэй да канца трэніроўку наведала легендарны трэнер Таццяна Тарасава. Гледачы цёпла віталі яе.
Аліна Загітава правяла на лёдзе каля 40 хвілін, затым паспяшалася пакінуць арэну, не стаўшы размаўляць з прэсай і заўзятарамі. Яна таксама праігнаравала просьбы прыхільнікаў пакінуць аўтограф. А вось з Тарасавай Загітава трохі пагутарыла: тая абняла алімпійскую чэмпіёнку і пажадала ёй поспеху.
У жаночым адзіночным катанні спаборніцтвы будуць доўжыцца два дні: 23 студзеня ў 11:45 - кароткая праграма, а ўладальнікі медалёў стануць вядомыя 25 студзеня па выніках выступлення ў адвольнай праграме.