МІНСК, 28 сту - Sputnik. Беларускі фігурыст Юрый Гуліцкі апублікаваў сэлфі з прэзідэнтам краіны Аляксандрам Лукашэнкам, зробленае напярэдадні падчас гала-канцэрта чэмпіянату Еўропы па фігурным катанні.
Турнір завяршыўся 27 студзеня ў Мінску. Гала-канцэрт спаборніцтваў наведаў і прэзідэнт Лукашэнка: пасля паказальных выступленняў спартсменаў ён выйшаў на лёд, сказаў невялікую прамову і ўручыў падарункі ўдзельнікам спаборніцтваў.
Зрабіў Лукашэнка і яшчэ адно сэлфі. Пасля выступу фотаздымак з ім на памяць захацелі зрабіць расійскія фігурысты Мікіта Кацалапаў і Вікторыя Сініцына. Патрапілі ў кадр і беларускія спартсмены - Юры Гуліцкі і Ганна Кублікава.
Фатаграфаваўся з прэзідэнтам Кацалапаў, аднак першым апублікаваў сэлфі ў сацыяльных сетках Гуліцкі. Здымак імгненна стаў папулярным і ў Twitter, і ў Instagram (там ён за кароткі час набраў больш за 500 лайкаў і стаў самым паспяховым сярод усіх фотаздымкаў фігурыста).
Прэзідэнт Беларусі не адмаўляе ў сэлфі. Так, адзін з першых падобных здымкаў з ім быў зроблены ў 2017 годзе падчас сесіі Парламенцкай асамблеі АБСЕ. Тады фотаздымак з кіраўніком дзяржавы зрабіла Вікторыя Рачыцкая-Карылет. Здымак быў названы "першым сэлфі з Лукашэнкам" і выклікаў бурныя абмеркаванні не толькі ў Беларусі, але і за мяжой.