МІНСК, 11 сак – Sputnik. Канцэрт "Ethno Fantasia II" пройдзе 23 сакавіка ў Нацыянальным мастацкім музеі Рэспублікі Беларусь.
У новай праграме Ірэны Катвіцкай "Ethno fantasia II", акрамя традыцыйных мелодый, слухачы змогуць пазнаць рысы мінімалізму і symphonic jazz, заўважыць спасылкі на эпоху постмадэрну і пачуць вакал, насычаны этнічнымі фарбамі, а таксама ўзгадаць ужо забытыя дыялекты.
Арганізатары абяцаюць, што архаічныя беларускія напевы і сontemporary аrt створаць у музеі адзіную прастору.
Ірэна Катвіцкая добра вядома беларускім і еўрапейскім аматарам фолк-музыкі па праекце Казалпін/Kazalpin (Швейцарыя – Беларусь). Яна наведвала з гастролямі Германію, Швейцарыю, Швецыю, Нарвегію, Італію, Польшчу, Расію і шмат іншых краін.
Ірэна Катвіцкая займаецца інтэрпрытацыяй аўтэнтычнага фальклору і піша ўласныя творы, прымае ўдзел у творчых праектах Akana trio, гурце Warsoba і дуэце Agata.
Пачатак канцэрта а 20-й гадзіне, білеты можна набыць у касе музея.