МІНСК, 21 сак - Sputnik. Серыя аб'ездаў горада, абноўлены асфальт на вуліцах і новы транспарт для II Еўрапейскіх гульняў чакае сталіца, анансаваў у інтэрв'ю БелТА старшыня Мінгарвыканкама Анатоль Сівак.
"У нас вельмі шмат працы. Ёсць недахопы ва ўтрыманні інфраструктуры, будынкаў. Аслаблены, на маю думку, у той ці іншай меры кантроль за ўласнікамі. Мы яго зробім больш жорсткім. Пачынаем працоўныя аб'езды, падключаецца санітарна-эпідэміялагічная служба, камітэт архітэктуры і будаўніцтва", - распавёў мэр сталіцы.
Ён таксама адзначыў, што зусім хутка дарожныя службы пачнуць абнаўляць асфальт, наносіць разметку на гарадскіх вуліцах. Акрамя гэтага, плануецца прывесці ў парадак і іншыя элементы камунальнай гаспадаркі, у тым ліку на ўскраінах Мінска.
Прымаць заўзятараў спартыўнай падзеі будуць 52 гасцініцы, разлічаныя на 10,5 тысяч месцаў, а таксама хостэлы. А вось студэнцкія інтэрнаты зоймуць спартсмены-ўдзельнікі.
"Што тычыцца транспарту, то пастаўкі новай тэхнікі ідуць з мінулага года. Будуць закуплены электробусы, міжгароднія і гарадскія аўтобусы, легкавыя аўтамабілі. Кантракты яшчэ не зачыненыя цалкам", - адзначыў кіраўнік горада.
Паводле яго слоў, горад гатовы прыняць вялікую колькасць людзей, "але казаць пра тое, што мы ўжо гатовыя да Еўрапейскіх гульняў, было б няправільна". Сівак дадаў, што паспяховым мерапрыемства можна будзе назваць, калі ўсе квіткі будуць прададзеныя, а трыбуны запоўненыя.
"Мы рыхтуемся да свята, падзеі, якая ў нас не праходзіла раней. Таму супакойвацца нельга", - падсумаваў мэр сталіцы.
Нагадаем, II Еўрапейскія гульні пройдуць у Мінску з 21 па 30 чэрвеня. Асноўныя падзеі, як і цырымонія адкрыцця і закрыцця, пройдуць на нядаўна адрэстаўраваным стадыёне "Дынама".
Чытайце таксама:
- БЧ на час II Еўрапейскіх гульняў пусціць дадатковыя цягнікі
- Euronews зняў пра Мінск ролік перад Еўрапейскімі гульнямі
- Еўрапейскія гульні - 2019: спартыўны дэсант у Мінску і нюансы лагістыкі