МІНСК, 22 сак - Sputnik. Прэзідэнт Беларусі Аляксандр Лукашэнка распавёў жыхарам Баранавічаў, як смажыць бульбу ў сябе дома.
У пятніцу кіраўнік дзяржавы здзейсніў рабочы візіт у Баранавічы. Пасля размовы з гарадскім актывам, ён пагутарыў з мясцовымі жыхарамі. Кадры гутаркі паказалі ў эфіры тэлеканала "Беларусь 1" у пятніцу.
Адно з пытанняў прэзідэнту датычылася ўводу ў эксплуатацыю Беларускай АЭС. Гараджане выказалі занепакоенасць, што пасля гэтага ў краіне будуць праблемы з газам, і яны не змогуць выкарыстоўваць газавае абсталяванне ў сябе дома.
"Наадварот, будзе лепш. Мы менш будзем закупляць прыроднага газу, і ў нас грошай будзе больш", - адказаў кіраўнік дзяржавы.
Пасля гэтага ўстрывожаныя жыхары горада пацікавіліся, "ці не павыкідаюць іх газавыя катлы".
"Калі кошт на электрычную плітку будзе ніжэй, вы самі пяройдзеце і заменіце іх", - адзначыў беларускі лідар.
Лукашэнка растлумачыў, што свая электрычнасць будзе танней беларусам за куплены прыродны газ. У якасці прыкладу ён падзяліўся ўласным вопытам.
"У мяне дома ёсць плітка газавая і электрычная. Уключаю гэтую пліту, стаўлю патэльню, бульбу падсмажыць. Імгненна награваецца. Гэта значыць эфектыўнасць высокая. І калі пераходзіць на электрычнасць, трэба танней рабіць, чым на газе. А калі будзе даражэй, як жа я буду вас пераводзіць - вы ж лаяцца будзеце", - дадаў Лукашэнка.