МІНСК, 27 сак – Sputnik. Фестываль беларускай інтэлектуальнай кнігі "Прадмова" распачнецца ў Мінску ўжо на наступным тыдні і будзе працягвацца з 4 па 7 красавіка на некалькіх пляцоўках культурнага хаба ОК16.
З папярэдняй праграмай фестывалю ўжо можна азнаёміцца ў сеціве. У першы дзень абяцаюць дыскусію на тэму "Што такое сучасная беларуская літаратура", у якой прымуць удзел вядомыя беларускія пісьменнікі Альгерд Бахарэвіч, Марыя Мартысевіч, Алесь Разанаў і Людміла Рублеўская.
У наступныя дні наведвальнікаў чакаюць лекцыі, паэтычныя і перакладчацкія майстар-класы, інтэрактыўныя чытанні і нават гастрапрэзентацыя "Кухня часоў Напалеона", на якую патрабуецца папярэдняя рэгістрацыя. У нядзелю, 7 красавіка, адбудзецца ўручэнне прэміі Анемпадыстава.
Падчас фестывалю таксама можна будзе паглядзець новыя і ўжо вядомыя спектаклі і наведаць выставу прац фіналістаў конкурса маладых ілюстратараў і дызайнераў кнігі "АРТ-ПРАДМОВА"-2019, а таксама выставу "Колер Беларусі" Міхала Анемпадыстава: бясконцае наша", якая будзе дзейнічаць до 16 красавіка.