МІНСК, 16 кра - Sputnik. Беларусы нясуць кветкі да будынка пасольства Францыі ў Мінску ў знак спачуванняў у сувязі з пажарам у саборы Парыжскай Божай Маці, перадае карэспандэнт Sputnik.
Пажар у саборы Парыжскай Божай Маці адбыўся ўвечары ў панядзелак. Да тушэння былі прыцягнутыя сотні пажарных, аднак хутка ліквідаваць агонь не атрымалася. У выніку ў будынка абрынуліся шпіль і дах. Будынак сабора прыкметна разбураны, у Францыі ўжо пачаты збор сродкаў на яго аднаўленне.
Сітуацыя выклікала шок і боль не толькі ў Францыі. Ва ўсім свеце выказваюць словы падтрымкі французам у сувязі з трагічнай стратай аднаго з сімвалаў еўрапейскай культуры і цывілізацыі. У шэрагу краін да французскіх дыппрадстаўніцтваў нясуць кветкі.
Кветкі раніцай у аўторак пачалі прыносіць і да будынка пасольства Францыі ў цэнтры Мінска.
Словы спачування ў сувязі з пажарам у саборы выказалі многія палітыкі. Так, выказаліся прэзідэнт ЗША Дональд Трамп, кіраўнік ЮНЭСКА Одрэ Азуле, генеральны сакратар ААН Антоніа Гутэрэш.
Акрамя грамадзян, на аднаўленне легендарнага сабора гатовыя выдаткаваць грошы і шматлікія буйныя кампаніі. Дакладная сума, якая спатрэбіцца на аднаўленне храма, невядомая, аднак шэраг сем'яў і арганізацый ужо заявілі пра гатоўнасць выдаткаваць сумарна больш за 300 мільёнаў еўра.