МІНСК, 19 кра - Sputnik. Прэзідэнт Беларусі Аляксандр Лукашэнка агучыў галоўныя задачы і прыярытэты Беларусі на бліжэйшы час, ён пералічыў іх у пятніцу падчас штогадовага паслання да беларускага народа і парламента.
"У гэты знакавы год нам трэба будзе падарыць краіне яркія, мірныя перамогі, прыняць маштабныя міжнародныя спартыўныя першынствы, годна, як мы ўмеем гэта рабіць, сустрэць шматлікіх замежных гасцей, спартсменаў і балельшчыкаў. І, вядома, мы павінны працягнуць увасабляць у жыццё наш вялікі дзяржаўны праект - "Малая радзіма", - падкрэсліў кіраўнік Беларусі.
Прэзідэнт адзначыў, што гэта найважнейшыя для Беларусі задачы на бліжэйшую перспектыву. "Але галоўныя прыярытэты - дабрабыт народа, міралюбная знешняя палітыка, нацыянальная бяспека. Гэта тыя тры слупы ўпэўненага курсу нашай краіны", - адзначыў Лукашэнка.
II Еўрапейскія гульні пройдуць у Мінску з 21 чэрвеня па 30 чэрвеня бягучага года. Раней на пасяджэнні Выканкама НАК Аляксандр Лукашэнка агучыў медальныя чаканні на II Еўрапейскія гульні ў Мінску і нагадаў аб жорсткім кантролі выдаткаў: ужо цяпер трэба разумець, як пасля будзе выкарыстоўвацца ўсе, што закуплена і пабудавана да гэтай падзеі.
Галоўнай задачай II Еўрапейскіх гульняў у Мінску беларускі лідар бачыць не толькі годны ўзровень іх правядзення, але і маштабную дэманстрацыю таго, што ў Беларусі створаны камфортныя і бяспечныя ўмовы для жыцця ў цэлым.
Прэзідэнт паставіў задачу спартсменам, узяць не менш медалёў, чым на I Еўрапейскіх гульнях у Баку. Тады, у чэрвені 2015 года, беларуская каманда апынулася на 7 радку агульнага медальнага заліку, беларусы тады заваявалі агулам 43 медалі - 10 залатых, 11 срэбных і 22 бронзавыя.
З поўнай версіяй паслання прэзідэнта можна азнаёміцца ў тэкставай анлайн-трансляцыі Sputnik.