МІНСК, 23 кра - Sputnik. Мітрапаліт Мінскі і Заслаўскі, Патрыяршы экзарх Беларусі Павел узначаліць службы на Страсным тыдні ў галоўным праваслаўным храме Беларусі, паведамілі ў Мінскім епархіяльным упраўленні.
Праваслаўны свет адзначыць Вялікдзень 28 красавіка, з панядзелка пачалася Страсная сядміца. Падчас кожнага з 6 дзён у храмах праходзіць адмысловая служба, якая мае асаблівы сэнс. У аўторак увечары ў храмах падчас набажэнстваў узгадваюць прароцтва аб Страшным Судзе, а з серады пачынаюцца службы аб страсцях Хрыстовых. На службах узгадваюцца апошнія дні зямнога жыцця Хрыста - яго пакуты, распяцце, смерць на крыжы і пахаванне. Пост у вернікаў ужо скончыўся, але яны ўсё роўна строга прытрымліваюцца правілаў устрымання, многія пераходзяць на хлеб і ваду. Святары падчас гэтай службы апранутыя ў цёмнае адзенне, аж да самага Вялікадня.
"Пачынаючы з серады і да Светлага Хрыстовага Уваскрасення Уладыка Павел будзе кожны дзень служыць у Свята-Духавым кафедральным саборы ў Мінску", - паведамілі Sputnik у аўторак у Мінскай епархіі.
Па словах святароў, у Вялікую Сераду ў 09:00 мітрапаліт узначаліць літургію Ранейасвечаных Дароў.
"Гэта асаблівая служба, якая здзяйсняецца толькі раз у год", - сказалі ў БПЦ.
У сераду ў храмах падчас чытання свяшчэннага пісання "ганяць срэбралюбства і здраду Іуды", акрамя гэтага ў гэты дзень на вячэрняй службе здзяйсняецца таемства споведзі. З серады на Страсным Тыдні спыняюцца ў храмах зямныя паклоны - да самой Тройцы, распавялі святары, удакладніўшы, што на працягу больш за 50 дзён зямныя паклоны дазволеныя толькі перад Плашчаніцай з абліччам спачылага Хрыста.
Чын абмывання ног
У Вялікі чацвер мітрапаліт Павел а 10-й узначаліць ў галоўным праваслаўным храме Боскую літургію, у гэты дзень у цэрквах успамінаюць падзеі Тайнай Вячэры. Па традыцыі ў кафедральных храмах архірэі здзяйсняюць чын абмывання ног святарам, па прыкладзе Езуса Хрыста, які перад Тайнай Вячэрай абмыў ногі сваім 12 вучням-апосталам, распавялі ў БПЦ.
У чацвер, у 18:00 у кафедральным саборы мітрапаліт Павел таксама ўзначаліць Ютрань, на якой чытаюцца 12 Евангелляў Святых Пакутаў, сказалі святары.
Вялікая Пятніца
У Вялікую Пятніцу літургій ў храмах не бывае, у памяць аб журботных падзеях на Галгофе, дзе Ісуса ўкрыжавалі. У 14:00, у пятніцу ў кафедральным саборы мітрапаліт мінскі і Заслаўскі Павел узначаліць Вялікую вячэрню з чынам вынасу Плашчаніцы, распавялі святары. Па іх словах, пятніца - гэта дзень найстрогага посту, есці нельга да самага вечара, пакуль не вынесуць плашчаніцу на сярэдзіну храма для глыбокай пашаны.
У пятніцу, а 18-й, мітрапаліт Павел узначаліць ютрань з чынам пахавання Збавіцеля.
Вялікая Субота
У гэты дзень, калі ў храмах адбываецца асвячэнне велікоднай ежы, прадстаяцель БПЦ у 10:00 у Свята-Духавым саборы ўзначаліць Боскую літургію, а ў 23:10 - службу перад надыходам Вялікадня, яна называецца Велікодная ўсяночная. У 23:45 пачнецца Хросны ход, а затым - Велікодная ютрань і Боская літургія.
Вялікдзень
На Вялікдзень мітрапаліт Мінскі і Заслаўскі Павел а 17-й адслужыць святочную велікодную Вячэру ў Свята-Духавым кафедральным саборы, а ў панядзелак раніцай узначаліць Боскую літургію ў адным з самых вядомых мінскіх храмаў - царкве Вернага князя Аляксандра Неўскага.