МІНСК, 2 мая - Sputnik. У дні памінання памерлых з 4 па 7 мая праезд да могілак на тэрыторыях зон адчужэння і адсялення будзе дазволены без пропускаў, але з абавязковай рэгістрацыяй на кантрольна-прапускных пунктах, паведамілі ў МНС Беларусі.
Дадаткова без пропуску можна будзе трапіць на тэрыторыю Нараўлянскага раёна Гомельскай вобласці 2 мая.
Не забудзьцеся ўзяць пашпарт
Для наведвання могілак у названыя дні грамадзянам Беларусі і замежнікам неабходна мець з сабой дакумент, які сведчыць пра асобу (пашпарт), таксама дакументы на аўтамабілі.
Паколькі частка могілак, размешчаных у зоне адчужэння ў Хойніцкім, Брагінскім і Нараўлянскім раёнах Гомельскай вобласці, адначасова адносіцца і да памежнай зоны, замежнікам трэба дадаткова атрымаць адпаведны пропуск у мясцовых памежнікаў.
Уехаць на тэрыторыю запаведніка можна толькі праз кантрольна-прапускныя пункты. Пры выездзе будзе рабіцца радыяцыйны кантроль.
Што забаронена ў зоне?
Знаходжанне ў зоне адчужэння дазволяць з 09:00 да 17:00. Спецыялісты папярэджваюць, што асноўная колькасць радыенуклідаў знаходзіцца ў верхнім пласце глебы, лясной падсцілцы, мхе, кары дрэў, таму пры ўборцы магіл трэба выкарыстоўваць сродкі абароны - пальчаткі і марлевыя павязкі.
Па заканчэнні работ верхнюю вопратку варта старанна вытрасці, адкрытыя ўчасткі цела вымыць прывезенай з сабой вадой. Пасля ўборкі магіл смецце трэба вынесці на спецыяльна абсталяваныя месцы - спальваць яго ні ў якім разе нельга, як і разводзіць вогнішчы.
На тэрыторыі радыеактыўнага забруджвання забаронена адхіляцца ад маршруту руху, пашкоджваць або пераносіць знакі радыяцыйнай небяспекі, карыстацца вадой з адкрытых крыніц, збіраць дзікарослыя расліны.
Нагадаем, што на тэрыторыі Палескага дзяржаўнага радыяцыйна-экалагічны запаведніка знаходзяцца 95 вялікіх і малых вёсак і 89 сельскіх могілак.