Бацька заслужанага артыста Рэспублікі Беларусь Валянціна Салаўёва з Расіі прыехаў на Стаўбцоўшчыну ў 1947 годзе і застаўся тут назаўсёды.
"Тут ужо быў яго бацька, мой дзед Назар, які збег з нямецкага палону. Цягнік з ваеннапалоннымі ішоў у Германію, у Стоўбцах ён спыніўся і дзед збег. Як яму ўдалося вырвацца, не ведаю", - распавядае акцёр.
Бацька, каб пайсці на фронт, дадаў сабе некалькі гадоў, стаў разведчыкам і атрымаў медаль "За адвагу!". Узнагародзілі маладога героя за тое, што разам з таварышамі яны "узялі языка". Служыць давялося нядоўга, ён быў паранены і ўсё жыццё прахадзіў з кульбачкай.
"З гэтым медалём я гуляю ў спектаклі на ваенную тэму "Дзед". Ён заўсёды са мной, як талісман", - падзяліўся акцёр.
Калі пачалася вайна, мама Валянціна Мікалаевіча знаходзілася ў тыле, ёй было 15 гадоў.
"Немцы тут былі добрыя, куплялі за маркі яйкі і малако. Мама расказвала, што яны прыходзілі ў клуб на танцы і яна нават танчыла з адным немцам. Бацька, калі чуў такія гісторыі, страшна нерваваўся", - смяецца акцёр.
Валянцін Мікалаевіч упэўнены, што ў людзей яго пакалення вайна "знаходзіцца ў генах, сядзіць у крыві".