МІНСК, 27 мая - Sputnik. Вайскоўцы-кінолагі вайсковых часцей унутраных войскаў МУС прыступілі да надгляду транспарту, які прывозіць абсталяванне на стадыён "Дынама", дзе пройдзе адкрыццё II Еўрапейскіх гульняў, паведамілі ў ведамстве.
Да пачатку Гульняў яшчэ каля месяца, але ўнутраныя войскі ўжо прыступілі да забеспячэння бяспекі спартыўнага мерапрыемства.
"Пакуль транспарту з грузам прыбывае трохі, але на гэтым тыдні чакаецца больш за 60 фур", - распавялі Sputnik у панядзелак у МУС.
Інструктар службовага сабакі з узвода кінолагаў ВВ МУС Дзмітрый Ставорук адзначыў, што яго лабрадор Вінс заступіў на службу на стадыён "Дынама" і агледзеў аўтамабіль на прадмет наяўнасці ў ім выбухованебяспечных прадметаў. Па словах сяржанта, калі сабака падасць сігнал, то на месца прыбудзе сапёрна-піратэхнічны разлік.
Адказная служба
Кінолагі і іх падапечныя на стадыёне "Дынама" нясуць службу па 12 гадзін, на кожным КПП пазменна дзяжураць па два службовыя сабакі.
Па перыметры стадыёна "Дынама" ўжо выстаўлены 15 пастоў, якія сочаць за тым, каб староннія асобы не праніклі на спартыўны аб'ект, а таксама каб ніхто не перакінуў якія-небудзь прадметы праз плот.
"Але выразнага графіка ў сабак няма. Як толькі кінолаг бачыць, што гадаванец стаміўся ці лянуецца, яго тут жа змяняюць. Сабак адводзяць адпачываць у цень", - распавялі кінолагі.
Па іх словах, працаздольнасць сабак правяраюць некалькі разоў на дзень - робяць навучальныя закладкі з пахам выбуховых рэчываў.
Ветэрынары напагатове
На стадыёне "Дынама" будуць працаваць і супрацоўнікі ветэрынарнай службы. Па словах галоўнага ветэрынарнага ўрача кіналагічнай службы УВ МУС Анатоля Малашкевіча, усе службовыя сабакі, якія будуць працаваць у ходзе II Еўрапейскіх гульняў, прышчэплены супраць шаленства і іншых інфекцыйных захворванняў. А ў сувязі са спякотай, якая чакаецца ў канцы чэрвеня, іх дадаткова апрацавалі супраць кляшчоў.
"Мы ўвесь час сочым за самаадчуваннем сабак. У першую чаргу звяртаем увагу на іх актыўнасць. Гэта лічыцца адным з найважнейшых паказчыкаў здароўя жывёлы", - сказаў Малашкевіч.
Кінолагі ўнутраных войскаў МУС выкарыстоўваюць у працы лабрадораў, нямецкіх аўчарак і спаніэляў.