МІНСК, 29 мая - Sputnik. У Мінску з’явілася скульптура аднаго з найбуйнейшых прадстаўнікоў авангарднага мастацтва XX стагоддзя Восіпа Цадкіна.
Работу "Носьбіт дароў" аўтар першапачаткова зрабіў з дрэва ў 1937 годзе. У цэнтры экспазіцыі – чалавек, у руках якога карабель. Такім чынам Цадкін адсылае гледача да сваёй радзімы і да фамільнай справы яго сям’і – суднабудавання. У 1993 годзе гэтая скульптура з’явілася ў Парыжы каля выхада з Моста інвалідаў.
Белгазпрамбанк, які ўстанавіў скульптуру ў сталічным скверы, набыў яе на н’ю-ёркскіх таргах аўкцыённага дома "Christie’s". Пакуль што яна схаваная ад вачэй шырокай публікі, а афіцыйнае адкрыццё запланаванае на 6 чэрвеня.
Восіп Цадкін – ураджэнец Беларусі і адзін з прадстаўнікоў Парыжскай школы. Яго творы захоўваюцца ў прыватных і музейных зборах па ўсім свеце.
Чытайце таксама:
- Навошта Хаім Суцін маляваў свае карціны голым
- Яшчэ тры карціны мастакоў Парыжскай школы з’явіліся ў Беларусі