МАГІЛЁЎ, 31 мая - Sputnik. Эстафету агню "Полымя міру" ў Магілёўскай вобласці віталі на 28-ы дзень вялікага шляху, у чацвер адпраўной кропкай маршруту стаў мемарыяльны комплекс "Буйніцкае поле".
Першым факелоносцам выступіла вакалістка гурта IOWA Кацярына Іванчыкава. Ураджэнка Чавус пранесла агонь ад капліцы да каменя Канстанціна Сіманава. Яе бурна падтрымлівала моладзь, якая прыйшла ўбачыць вядомую спявачку.
Далей факеланосцы прайшлі да турыстычнай меккі - Буйніцкага заасада. Яго кіраўнік правёз агонь на паравозіку мясцовай чыгункі ў першым вагоне, астатнія занялі прадстаўнікі СМІ. Пасля гэтага факел праплыў на параходзе па Дняпры. У руках яго трымаў чатырохразовы прызёр Паралімпійскіх гульняў у Пхенчхане Юрый Голуб. Водны шлях склаў шэсць кіламетраў і даставіў факеланосцаў да прыстані ля гасцініцы "Турыст". "Полымя міру" наведала два буйныя магілёўскія прадпрыемствы - "Магілёўліфтмаш" і "Магатэкс".
Другая частка эстафеты стартавала вечарам у 20:30. Магілёўцы сустракалі факеланосцаў у цэнтры горада. Ад помніка астролага факел адпавіўся ў карэце. Апошнія 200 метраў да плошчы Славы, дзе адбыўся вялікі святочны канцэрт, факел пранесла алімпійская чэмпіёнка па біятлоне 2018 года Дынара Алімбекава.
Спартсменка перадала "Полымя міру" кіраўніку Магілёўскай вобласці Леаніду Зайцу. Губернатар павіншаваў усіх, адзначыўшы, што гэты дзень, без сумневу, увойдзе ў гісторыю Прыдняпроўскага краю. Таксама ён выказаў сваё меркаванне наконт выступу дэлегацыі атлетаў ад Магілёўскай вобласці.
"Магілёўшчына дэлегуе ў склад беларускай зборнай каля 30 атлетаў. Упэўнены, яны зробяць усё магчымае, каб годна прадставіць сваю малую радзіму і ўсю Беларусь на гэтых маштабных спаборніцтвах. А мы будзем актыўна за іх заўзець і разам радавацца перамогам", - адзначыў Заяц.
Падарожжа агню II Еўрапейскіх гульняў па Магілёўскай вобласці будзе працягвацца шэсць дзён - яго чакаюць у Шклове, Горках, Бабруйску, Слаўгарадскім і Быхаўскім раёнах.
Чытайце таксама:
- Дождж, Шагал і "Віцьба": Віцебск прыняў эстафету агню II Еўрапейскіх гульняў
- Агонь II Еўрапейскіх гульняў сустрэлі ў Гродне і праводзілі на БелАЭС
- Эстафета "Полымя міру": Рым, Манблан, а зараз і ўся Беларусь