У Нацыянальным цэнтры сучасных мастацтваў беларускай сталіцы ідзе выстава "Казімір Малевіч і XXI стагоддзе". Жыццё і творчасць вялікага авангардыста перасякаліся з Беларуссю, але пахваліцца яго працамі ў краіне да гэтага часу не маглі.
Зараз прама ў цэнтры Мінска вісіць карціна - "Чалавек з рыдлёўкай", якая верагодна належыць пэндзлю сусветна вядомага мастака. Наогул, гэта палатно з 1994 года знаходзіцца ў запасніках Гродзенскага гісторыка-археалагічнага музея.
Інвестыцыі ў мастацтва
Гісторыя здабыцця карціны верагоднага аўтарства Малевіча падобная на дэтэктыўную. Палатно спрабавалі незаконна вывезці за межы нашай краіны, але "аматарам жывапісу" гэта зрабіць не ўдалося.
Вось ужо чвэрць стагоддзя карціна знаходзіцца ў Беларусі, і да гэтага часу не была зроблена атрыбуцыя твора мастацтва, якая магла б пацвердзіць аўтарства Малевіча.
Жывапісныя работы, як вядома, з'яўляюцца добрымі інвестыцыямі, якія з цягам часу толькі растуць у цане. Напрыклад, зараз самая дарагая карціна ў Беларусі знаходзіцца ў карпаратыўнай калекцыі "Белгазпрамбанка". Гэта карціна Хаіма Суціна, якая была набыта амаль за 2 мільёны долараў.
Для параўнання, у мінулым годзе палатно "Пейзаж", якое належыць пэндзлю Малевіча, прадалі на аўкцыёне ў Лондане за 10,4 мільёна долараў, а яго "Супрэматычная кампазіцыя" пайшла з таргоў у Нью-Ёрку за 85,8 мільёна, што з'яўляецца сусветным аўкцыённым рэкордам для карцін гэтага мастака.
Прэзумпцыі невінаватасці няма
Аўтарства карціны, якая зараз выстаўляецца ў Мінску, выклікае пытанні. Як адзначыў у каментары для Sputnik куратар калекцыі "Белгазпрамбанка" Аляксандр Зіменка, "у мастацтве не працуе прэзумпцыя невінаватасці".
Мастацтвазнаўца адзначыў, што ў прафесійным асяроддзі ў тым выпадку, калі не была праведзена атрыбуцыя, а карціна не была падпісаная, прынята пісаць пад палатном - невядомы аўтар або меркаваны.
У Беларусі правесці першапачатковую атрыбуцыю можна на базе Нацыянальнага мастацкага музея. Пры гэтым трэба рабіць рэнтген палатна, браць на аналіз фарбу. Усё гэта дазволіць дакладна ўстанавіць узрост прадмета мастацтва.
Зіменка звярнуў увагу, што патрэбна і мастацкая атрыбуцыя. Спецыялісты могуць па мазках вызначыць аўтарства, таму што гэта падобна да почырка чалавека.
Вялікія калекцыі работ Малевіча ёсць у Расіі, таму лагічна было б і атрыбуцыю праводзіць там.
Кошт пытання
У выпадку, калі аўтарства Малевіча пацвердзіцца, то прадаць "Чалавека з рыдлёўкай" на аўкцыёне не атрымаецца. Паводле беларускіх законаў, творы мастацтва, якія знаходзяцца ў музейных калекцыях, з'яўляюцца дзяржаўнай уласнасцю і не могуць быць прададзеныя.
Праўда, мастацтвазнаўца адзначае, што "калі на рынку з'явіцца новая карціна Малевіча - гэта выкліча ажыятаж. У такім выпадку толькі пачатковая цана на аўкцыёне можа скласці 100 тысяч долараў, а колькі было б у выніку, можна толькі здагадвацца".
Пакуль карціна была ў запасніках музея ў Гродне, там заўсёды стаяў знак пытання аўтарства карціны, што пацвердзілі карэспандэнту Sputnik Станіславу Андросіку ў мастацкім аддзеле музея.
Застаецца толькі здагадвацца, чаму на працягу 25 гадоў Гродзенскі гісторыка-археалагічны музей не спрабаваў устанавіць аўтарства карціны і пацвердзіць, што яе напісаў Казімір Малевіч.
На думку кандыдата мастацтвазнаўства Аляксандра Зіменкі, справа можа быць у банальным недахопе грошай. Таму што дзяржаўнай арганізацыі для такой ініцыятывы патрэбныя пазабюджэтныя сродкі. Толькі перавозка ў Эрмітаж можа пацягнуць на некалькі тысяч долараў, а сюды трэба яшчэ дадаць і страхоўку, і правядзенне саміх прац.
"Для беларускіх рэгіянальных музеяў гэта сапраўды вялікія грошы, якіх у іх папросту няма", - канстатаваў спецыяліст.
У Нацыянальным цэнтры сучасных мастацтваў адзначылі, што цяпер "Чалавек з рыдлёўкай" застрахаваны на суму, эквівалентную 30 тысячам долараў, хоць у выпадку пацверджання аўтарства Малевіча лічба можа апынуцца ў некалькі разоў больш.
Чытайце таксама:
- Бурштынавае святло карцін Гаўрыіла Вашчанкі: біяграфія мастака
- Гісторыя Юдаля Пэна: муза, вучань і загадкавая смерць
- "Суровы рэалізм" Мая Данцыга і яго вайна
- Аляксей Кузьміч і яго ўзвышаныя Мадонны
- Напалеон Орда: летапісец беларускай архітэктуры