МІНСК, 9 ліп - Sputnik. Базай і асновай Саюзнай дзяржавы павінны быць палітычныя адносіны, заявіў дзяржаўны сакратар Саюзнай дзяржавы Рыгор Рапота па выніках сустрэчы з прэзідэнтам Беларусі.
Паводле яго слоў, Пастаянны Камітэт не стаіць у баку ад двухбаковых адносінаў, таму што гэта прамы абавязак і адказнасць.
"Мы гэтым займаемся (развіццём беларуска-расійскіх адносін - Sputnik) у штодзённым рэжыме. Іншая справа, што ёсць рабочая група (па развіцці інтэграцыі - Sputnik), якая існуе асобна. Яна прапрацоўвае пытанні і перспектывы развіцця Саюзнай дзяржавы", - канстатаваў Рыгор Рапота.
Пры гэтым ён дадаў, што, як толькі група пачала сваю працу, Пастаянны Камітэт прадставіў сваё бачанне сытуацыі і прапановы.
"Калі спатрэбіцца наш больш актыўны ўдзел у гэтым, мы натуральна гатовыя. Пра гэта я і сказаў Аляксандру Рыгоравічу (Лукашэнку - Sputnik). Усё, што ад нас залежыць, мы будзем рабіць", - запэўніў ён.
На думку дзяржаўнага сакратара, Саюзная дзяржава развівалася ў адпаведнасці з дагаворам, у якім змяшчаюцца пазіцыі, што патрабуюць развіцця.
"Базай і асновай Саюзнай дзяржавы павінны быць, па-першае, палітычныя адносіны, ваенна-палітычныя, супрацоўніцтва ў сферы знешняй палітыкі", - нагадаў ён.
Пры гэтым павінны фарміравацца адзіная транспартная прастора, прамысловая кааперацыя, адзіная энергетычная прастора.
"Працы яшчэ вельмі шмат. Прычым не столькі ў юрыдычнай плоскасці, таму што прававых перашкод вялікіх і сур'ёзных для развіцця супрацоўніцтва ў нас няма", - лічыць Рыгор Рапота.
У цяперашні час Саюзнай дзяржаве патрэбныя значныя і сур'ёзныя праекты, якія б рэальна стваралі адзіную энергетычную і транспартную прастору. Адным з прыкладаў з'яўляецца будаўніцтва атамнай электрастанцыі ў Астраўцы.
У адказ на пытанне, ці можна вырашыць пытанні, якія ўзніклі ў адносінах дзвюх краін, да сустрэчы Лукашэнкі і Пуціна ў Санкт-Пецярбургу, дзяржаўны сакратар сказаў, што "да сустрэчы наўрад ці штосьці шмат зробіш, таму што гэта ўжо на наступным тыдні".
На яго думку, каб вырашыць любую задачу патрэбныя два складнікі: палітычная воля і паразуменне, і дастатковы ўзровень кампетэнцыі ў выканаўцаў.
"Нічога складанага там няма. Калі будзе палітычная воля для вырашэння нейкай задачы выразна сфармуляванай, і будуць кваліфікаваныя выканаўцы, якія могуць гэтую задачу вырашыць, то любая задача нам па сілах", - упэўнены Рыгор Рапота.
Напрыканцы ён дадаў, што ў рабочай групы да сустрэчы прэзідэнтаў будуць нейкія зрухі, пра што яны і паведамяць на сустрэчы ў Санкт-Пецярбургу.