ВІЦЕБСК, 11 ліп - Sputnik. Міжнародны фестываль мастацтваў "Славянскі базар у Віцебску" адкрыецца ў чацвер у 28-ы раз, паведамляе карэспандэнт Sputnik.
"Славянскі базар" праходзіць у Віцебску штогод з 1992 года. У гэтым годзе, хоць ён і не юбілейны для міжнароднага фестывалю, свята пройдзе з размахам.
Урачыстае адкрыццё "Славянскага базару ў Віцебску" адбудзецца ў чацвер вечарам у Летнім амфітэатры. Аднак мерапрыемствы ў рамках фэсту ўжо даўно праходзяць у горадзе на Дзвіне, працягнуцца яны і пасля афіцыйнага закрыцця форуму, якое запланавана на 15 ліпеня.
Цырымонію адкрыцця фестывалю мастацтваў "Славянскі базар у Віцебску" можна будзе ўбачыць у прамым эфіры беларускага тэлебачання, пачатак - у 22:00.
Акрамя выступленняў беларускіх і замежных зорак, у ліку якіх значацца Валерый Лявонцьеў, Тамара Гвердцытэлі, Стас Міхайлаў, Ядвіга Паплаўская, Вольга Бузава і многія іншыя, праходзіць у рамках "Славянскага базару" і конкурс выканаўцаў.
У дзіцячым конкурсе "Славянскага базару" Беларусь прадстаўляе Ксенія Галецкая, на дарослым - Іван Зданюк.
Акрамя музычных выступаў, у рамках "Славянскага базару" ў Віцебску праходзяць тэатральныя пастаноўкі, выставы, акцыі і іншыя актыўнасці.