МІНСК, 27 ліп - Sputnik. Бясплатны кінапаказ савецкага кінафільма "Прыгоды Бураціна" пройдзе ў суботу пад адкрытым небам у Верхнім горадзе, паведамляе Sputnik.
Кінапаказы на свежым паветры праходзяць у дворыку гатэля "Манастырскі" у рамках праекта Open Air Cinema. У суботу, 27 ліпеня, тут плануюць паказаць любімую ўсімі дзіцячую савецкую класіку - "Прыгоды Бураціна".
Галоўную ролю ў фільме выканаў савецкі, беларускі і расійскі акцёр, кінарэжысёр і сцэнарыст Дзмітрый Іосіфаў: менавіта гэтая праца праславіла ўраджэнца Беларусі.
Вядома, што артыста заўважыў асістэнт рэжысёра студыі "Беларусьфільм" у дзевяцігадовым узросце: хлопчык планаваў іграць ролю Арлекіна, нават удзельнічаў у пробах, аднак зацверджаны быў менавіта на ролю Бураціна. Пасля гэтага фільма прапановы здымацца ў кіно сталі паступаць да яго адна за адной.
Кінапаказ пад адкрытым небам намечаны на 21:00 у суботу, 27 ліпеня. Паглядзець фільм можна ў дворыку гатэля "Манастырскі" (вуліца Кірылы і Мяфодзія, 6). Уваход вольны для ўсіх жадаючых.