МІНСК, 13 жні - Sputnik. Следчыя чакаюць вынікаў экспертыз, якія праводзіліся па справе аб выбуху феерверкаў падчас салюту ў Дзень Незалежнасці, паведамляе БелТА са спасылкай на старшыню Следчага камітэта Івана Наскевіча.
СК разглядае некалькі версій прычын, якія прывялі да трагедыі 3 ліпеня. Следчыя вывучаюць якасць феерверкаў, правільнасць эксплуатацыі салютнага абсталявання, магчымыя парушэнні пры яго зараджанні.
У ходзе расследавання было ўстаноўлена, што асноўная версія - няякасныя зарады феерверачных вырабаў.
"Частка з іх, як ужо вядома, была са скончаным тэрмінам прыдатнасці, частка падвяргалася механічнай "дапрацоўцы" перад зараджаннем. Гэта даказана ў ходзе следства", - сказаў Наскевіч.
Дзяржаўны камітэт судовых экспертыз, Нацыянальная акадэмія навук і спецыялізаваныя прадпрыемствы ў дадзены момант занятыя правядзеннем экспертыз, вынікі якіх павінны даць адказ на пытанне, ці стала неналежная якасць вырабаў і механічнае ўздзеянне на іх прычынай трагедыі.
"На думку следства, такая сувязь ёсць, але мы не маем права без заключэння экспертызы рабіць высновы", - дадаў Наскевіч.
У рамках экспертыз плануецца правесці следчы эксперымент і выпрабаваць феерверкі ў розных сітуацыях.
Салют у Дзень незалежнасці павярнуўся трагедыяй, калі асколак феерверка трапіў у адну з глядачак, 64-гадовая жанчына загінула. Следчы камітэт пачаў крымінальную справу па ч. 2 ст. 463 КК - парушэнне правілаў абыходжання з рэчывамі і прадметамі, якія прадстаўляюць павышаную небяспеку для навакольных.