МІНСК, 21 жні - Sputnik. Цырымонія развітання са знакамітым дыктарам беларускага радыё Іллёй Курганам пройдзе ў Купалаўскім тэатры 23 жніўня, паведамілі Sputnik у прэс-службе тэатра.
Сама цырымонія запланавана на 11:00, грамадзянская паніхіда пачнецца ў 12:30 і працягнецца да 13:00.
"Водгулле голасу Іллі Львовіча, яго мудрасць, заўсёдная дасціпнасць і спагада назаўжды застануцца з намі. Наш абавязак - захоўваць закладзеныя ім традыцыі і перадаваць гледачам і наступным пакаленням", - падкрэслілі ў тэатры.
"Беларускі Левітан" Ілля Львовіч Курган пайшоў з жыцця ў ноч на 21 жніўня, яму было 93 гады. 90-гадовы юбілей знакаміты дыктар адсвяткаваў на сцэне Купалаўскага, дзе апошнім часам працаваў літаратурным кансультантам. Тады павіншаваць юбіляра прыйшлі не толькі прыхільнікі таленту, але і вучні - доўгі час Ілля Львовіч выкладаў у Беларускай акадэміі мастацтваў і Інстытуце культуры. Праз яго ўрокі прайшлі дзясяткі айчынных артыстаў.