Тры дні горад будзе танчыць, спяваць і шпацыраваць – гучнае свята закране кожную вуліцу. Застацца ў баку ад брэсцкага міленіума жыхарам і гасцям горада будзе складана.
6 верасня: адкрыццё пуцеправода і святочнае шэсце
Святкаванне 1000-годдзя Брэста распачнецца ўжо ў пятніцу, 6 верасня. На гэты дзень запланаваны першы міжнародны фестываль тэатраў і кніг "Кніжны шкап", які пройдзе на пляцоўцы Брэсцкага тэатра лялек. Таксама ў гэты дзень адбудзецца адкрыццё адразу некалькіх грамадска-значных аб’ектаў – другой чаргі транспартнага пуцеправода "Заходні абход Брэста" і абноўленай экспазіцыі археалагічнага музея "Бярэсце".
На плошчы Леніна пройдзе урачыстае прадстаўленне, якое дасць пачатак трохдзённым святкаванням.
У вечаровай праграме – музычны праект "Горад Святла" і міжнародны парад аркестраў стран СНД.
7 верасня: музыка, выставы і феерверк
У суботу, 7 верасня, у абласным цэнтры з’явіцца адразу некалькі гарадоў: у кожным наведвальнікам будуць прапаноўваць свае забаўкі. Напрыклад, у горадзе рамеснікаў і народнай творчасці на вуліцы Гогаля пройдзе абласное свята фальклёрнага мастацтва з выставамі рамеснікаў і народных майстроў, канцэртамі народных калектываў Брэстчыны.
У гандлёва-прамысловым горадзе на вуліцах Савецкай і Гогаля прамысловыя прадпрыемствы рэгіёна прадставяць свае тавары, а ў горадзе спорта каля Лядовага палаца запланаваныя паказальныя выступы спартсменаў, гульнявыя конкурсы, велапрабег і аўта-парад.
У горадзе талентаў на музычнай пляцоўцы на вуліцы Савецкай будуць выступаць лаурэаты музучных конкурсаў і стыпендыяты фондаў прэзідэнта, а ў духоўным горадзе ў храмах Брэста адбудуцца канцэрты арганнай музыкі і літургіі.
Яшчэ для аматараў музыкі арганізатары ў Парку культуры і адпачынку падрыхтавалі выступы фіналістаў праекта "Песні пра Брэст", а таксама творчых калектываў горада. Выступы салістаў, фота- і мастацкія выставы чакаюць гасцей горада натхнення, які будзе размяшчацца на Савецкай вуліцы.
Дзеці змогуць бавіць час у горадзе дзяцінства у парках культуры і адпачынку і воінаў-інтэрнацыяналістаў – тут іх чакаюць гульнявыя праграмы, конкурсы, забавы, атракцыёны, выставы і фотазоны, а пенсіянеры могуць наведаць горад залатога ўзросту ў парку культуры і адпачынку, дзе будуць праходзіць танцавальныя праграмы, рэгістрацыя "залатых шлюбаў " і шматлікія канцэрты.
У Парку 1000-годдзя Брэста, дзе будзе знаходзіцца горад будучыні, запланаваныя экалагічныя акцыі, флэш-мобы, закладванне капсулы для наступных пакаленняў.
Таксама ўсіх гасцей горада чакае святочны карнавал – удзельнікі пройдуць па праспекце Машэрава і вуліцы Леніна.
Кульмінацыяй свята стане музычна-гістарычная кампазіцыя Міленіум на Вяслярным канале і феерверк.
8 верасня: паветраныя змеі, хмель і солад
У нядзелю, 8 верасня, Брэст пераўтварыцца ў пляцоўку для фестываляў. У Брэсцкім дзяржаўным універсітэце імя Пушкіна пройдзе фестываль сяброўства, у парку воінаў-інтэрнацыяналістаў – фестываль паветраных змеяў, на набярэжнай Францыска Скарыны – фестываль хмелю і соладу, на плошчы Леніна – фестываль вулічных тэатраў. Таксама на плошчы Леніна запланаваны міжнародны парад аркестраў.