Пераможца прэміі Гедройца Ілля Сін: падыход да творчасці стаў больш камерцыйным
10:52 10.10.2019 (абноўлена: 10:59 10.10.2019)
© Sputnik / Алеся ШаршнёваПісьменнік Ілля Сін
© Sputnik / Алеся Шаршнёва
Падпісацца
Пісьменнік, які ў гэтым годзе атрымаў "беларускага Нобеля", паразважаў пра бескарыслівую творчасць у 90-ых, крытычныя водгукі на сваю кнігу і адчувальнае расслаенне ў культурным асяродку Мінска.
"Папярэднія мае кнігі выклікалі так мала ўвагі, што часам мне здавалася, нібы я кажу на той мове, якую ніхто, акром мяне, не разумее", - прызнаецца беларускі пісьменнік Ілля Сін, які за свой раман "Libido" атрымаў прэмію Ежы Гедройца-2019 – адну з самых знакавых літаратурных узнагарод нашай краіны.
У гэта складана паверыць, але на папярэднія тры літаратурныя рэлізы ён у супупнасці атрымаў "паўтары рэцэнзіі", тады як на кнігу-пераможцу іх набраліся дзясяткі.
Пры гэтым пісьменнік спакойна ставіцца ды крытыкі і ў выпадку з "Libido" рэагаваў толькі на выпады ў адрас рэдактаркі кнігі. Ён лічыць, што аўтар павінен належна прымаць любыя водгукі, бо працэс чытання – гэта шчыры абмен думкамі ды эмоцыямі, а яны ў кожнага свае.
На пытанне, ці думае ён пра чытача, ствараючы свае кнігі, Сін дае станоўчы адказ. Але тут жа зазаначае, што адзіны чытач, якога аўтар ведае больш-менш добра – гэта ён сам.
"Іншыя для мяне – цёмны лес. Лічу, для ўспрыняцця мастацтва важны не столькі назапашаны культурны досвед, колькі самое жаданне ўспрымаць", - дзеліцца аўтар сваімі думкамі.
"У 90-ыя падыход да творчасці быў бескарыслівым"
У тых, хто знаёмы з культурным жыццём Беларусі 90-ых гадоў імя Іллі Сіна асацыюецца з легендарным рухам Бум-Бам-Літ, які пазбавіў айчыннае прыгожае пісьменства звыклай для яго эстэтычнай цнатлівасці і ў літаральным сэнсе слова ўзрываў літаратурную прастору ажно да 1999 года.
Сёння пісьменнік узгадвае пра гэтую частку свайго жыцця так: "Усё засталося ў мінулым. Бум-Бам-Літ даўно не існуе як нейкі цэласны арганізм, кожны ідзе сваім шляхам. Але стасункі паміж намі засталіся самымі прыязнымі і сяброўскімі. Усё гэта я адчуў, калі мы ладзілі імпрэзу да 20-годдзя Бум-Бам-Літа (у 2015 годзе, - Sputnik). Асабліва шкада не вонкавую карнавальнасць, а схільнасць да стварэння радыкальна нестандартных поглядаў на жыццё і мастацтва: шызарэалізм, транслагізм. На жаль, сёння ўжо такога бадай і няма".
© Sputnik / Алеся ШаршнёваПісьменнік Ілля Сін
Пісьменнік Ілля Сін
© Sputnik / Алеся Шаршнёва
Ілля Сін лічыць, што паняцце авангарду састарэла: скончылася эпоха ўласцівых для ХХ стагоддзя "вялікіх мастацкіх адкрыццяў", і цяпер прыспеў час асабістага засваення ўжо нанесеных на карту абшараў.
"У Мінску адчуваецца вельмі вялікае адасабленне ў культурным асяродку. З чым гэта звязана, цяжка сказаць – тут спалучаецца мноства фактараў. Здаецца, што кожны існуе ў сваёй норцы, жыве на асобным востраве быццам бы Рабінзон Круза", – кажа пісьменнік.
Дзеля таго, каб змяніць сітуацыю, ён імкнецца рабіць пасільныя захады – скажам, самастойна ці з паплечнікамі ладзіць імпрэзы таго мастацтва, якое падаецца яму найцікавейшым у Беларусі. Іх мэта – не толькі прыцягнуць да андэрграўнду ўвагу публікі, але і паспрыяць кансалідацыі сцэны.
Пісьменнік узгадвае 90-ыя без настальгіі, аднак шкадуе, што прыярытэты мастацкага жыцця сёння змяніліся.
"Падыход да творчасці тады быў іншым, куды больш нонканфармісцкім – нас вабіла глыбіня і разняволенасць, самавыяўленне і шаленства, а не патуранне густам публікі. Зрэшты, тое самае можна сказаць і пра нашых папярэднікаў – напрыклад, пра літаб’яднанне "Тутэйшыя", якое моцна на мяне паўплывала на самым пачатку, або пра Таварыства вольных літаратараў. Атмасфера ў культурным асяродку тады была іншай. Ды, на жаль, усё гэта знікла "быццам бурбалкі з-пад ліманаду" – як пісаў Міхал Анемпадыстаў, адна з ключавых фігур таго часу. Як быццам, цэлая Атлантыда, што патанула ў хвалях будзёнасці.
"Выдаўцы павінны быць культуртрэгерамі"
У размове з сучасным айчынным пісьменнікам не атрымліваецца абмінуць увагай пытанне развіцця выдавецкай дзейнасці ў краіне, з якога вынікаюць і размовы пра стан сучаснай літаратуры.
"Уся праблема ў тым, што ў Беларусі няма мэтанакіраванай падтрымкі літаратуры і выдавецкай дзейнасці. Відавочна, існаваць па рынкавых умовах усё гэта не можа – па цалкам аб’ектыўных прычынах. Як і кіно, як тэатр, як музеі, - упэўнены Сін. – І якой бы хібнай ні была савецкая сістэма літпрацэсу, тады выдавецтвы не маглі адхіліць рукапіс толькі з-за таго, што ён камерцыйна правальны. Сёння ўсё інакш: выдаўцы выжываюць самастойна і часам вымушаныя станавіцца дробнымі прадпрымальнікамі замест таго, каб выконваць функцыю культуртрэгераў".
Па яго словах, тое, што пісьменнік не можа зарабляць грошы ў беларускай літаратуры – зразумела і наўрад ці зменіцца. Ды і не гэта найважнейшае. Сёння для аўтараў куды істотней быць пачутымі. Таму галоўнае – стварыць дзейсную інфраструктуру, якая б наладжвала масты паразумення паміж літаратарамі і чытачамі: выдавецкія праграмы, крытыка, літаратурныя клубы па ўсёй краіне…
Пісьменнік перакананы, што агульная скіраванасць на камерцыялізацыю літаратурнага працэса з’яўляецца памылковай, як і спроба навязаць сучаснаму пісьменству нейкія асветніцкія функцыі. Такія арыентыры не найлепшым чынам уплываюць на змест твораў, не прыносячы, у той самы час, ніякага грамадскага плёну.
© Sputnik / Алеся ШаршнёваПісьменнік Ілля Сін
Пісьменнік Ілля Сін
© Sputnik / Алеся Шаршнёва
"Гэта вельмі парадаксальная з’ява, бо прыкладаючы столькі намаганняў, каб знайсці шлях да масавага чытача, дастукацца да нейкага ўмоўнага гопніка з Шабаноў і прывесці яго праз чытво да нацыянальнай ідэі, мы маем дыяметральна супрацьлеглыя вынікі: увага да літаратуры ўсё менее", – кажа ён.
Таму, на думку літаратара, варта не ствараць адаптаваны да "масаў" прадукт, а папулярызаваць сапраўды адметныя мастацкія ўзоры. У якасці паспяховага прыкладу Сін прыводзіць выставу "Міфалагемы тысячагоддзя" Алеся Родзіма– аўтара, які ніколі не патураў густам гледача, не баяўся быць складаным і незрразумелым. Тым не меней, належным чынам арганізаваная выстава выклікала немалую цікавасць публікі.
"Калі б такіх ініцыятываў было больш, масткі паміж аўтарамі і аўдыторыяй спакваля б наладжваліся", – ўпэўнены пісьменнік.
Постскрыптум
Ілля Сін памятае, што захацеў стаць пісьменнікам яшчэ калі яму было год дзесяць: спрабаваць сябе ў прозе пачаў з прыгодніцкіх раманаў на рускай мове. А ўжо на пачатку 90-ых захапіўся новай хваляй беларускай літаратуры, якую ўвасаблялі Ігар Бабкоў, Таццяна Сапач, Адам Глобус ды іншыя "Тутэйшыя". Тое, што яна была складанай для разумення, юнака толькі натхняла: ён адчуў стымул для ўласнага росту.
Сёння ён кажа, што галоўнае для беларускай літаратуры – быць разнастайнай, каб кожны сучаснік мог знайсці ў ёй штосьці для сябе – у залежнасці ад уласных густаў і патрэбаў.
"Мы часта думаем і разважаем пра нейкія рэгаліі і статусы, забываючыся, што літаратура - гэта найперш камунікатыўны працэс, своеасаблівы дыялог паміж аўтарам і чытачом. Прычым гутарка даволі інтымная: ты застаешся сам-насам з кнігай, занурваешся (альбо не) у яе свет, і ў гэты момант ніякія прэміі Гедройца цябе не павінны хваляваць", – рэзюмуе ён.
Чытайце таксама:
- Самая маладая беларуская пісьменніца пра папулярнасць, сацсеткі і панк-рок
- Пісьменніца Наталля Батракова: кажуць, што я плачу бібліятэкарам за рэкламу
- Ад Гары Потара да Уладара: лепшыя кнігі свету ў перакладзе на беларускую мову