Беларускі скрыпач-віртуоз Арцём Шышкоў, які ў апошнія гады жыве ў Германіі і часцей выступае ў Еўропе, упершыню ў сваёй творчай біяграфіі дае серыю з шасці сольных канцэртаў у роднай Беларусі і суседняй Літве, прычым адзін з канцэртаў - у Мінску - пройдзе ўначы.
"Я з самага пачатку сказаў: "Давай не будзем рабіць канцэрты кожны дзень, у лепшым выпадку - праз дзень, а лепш - яшчэ радзей". Таму што я заўсёды вельмі моцна выкладаюся на кожным канцэрце і я не люблю, калі некалькі канцэртаў ператвараюцца ў канвеер, калі не застаецца душэўных сіл і ўсё ператвараецца ў чос, для мяне гэта з'яўляецца халтурай. Можа, нехта так можа, але я не магу", - кажа Шышкоў.
Ідэя начнога канцэрта ў сталіцы ў дадатак да вячэрняга, які запланаваны на 16 лістапада, прыйшла ў той момант, калі на выступ скрыпача скончыліся квіткі, распавядае імпрэсарыё.
"Мы вырашылі зрабіць такі бонус - начны канцэрт для мінскай публікі, таму што ў мяне каля 50-ці чалавек у лісце чакання. Гэта, дарэчы, модная фішка ў Маскве і ў Еўропе. Там канцэрты ў прынцыпе пачынаюцца ў 08:30 - 9-й вечара, а у нас звычайна ўсе адразу з працы бягуць - спазняюцца на трэці званок у оперны тэатр", - тлумачыць Чахоўскі.
Канцэртная праграма Арцёма Шышкова складаецца з твораў Іагана Себасцьяна Баха, Генрыха фон Бібера і Эжэна Ізаі. Бліжэйшы з канцэртаў адбудзецца 5 лістапада ў Віцебску, затым 8 лістапада артыста прымуць Баранавічы, 16 лістапада пройдзе двайны канцэрт у Мінску. Дарэчы, да напамінаў у СМІ пра тое, што менавіта Арцём Шышкоў стаў першым беларусам, які ўзяў у рукі скрыпку Страдывары, сам музыка ставіцца з доляй скепсісу і тлумачыць чаму.
"Гэта такі раскручаны слоган. Вядома, я не першая скрыпка ў Беларусі і не першы, хто перасёк мяжу Беларусі, і ў Маскве зусім побач ёсць велічэзная калекцыя старадаўніх італьянскіх інструментаў, на якіх гралі беларусы. Я зараз граю на інструменце Габрыэлі - таксама старадаўні італьянец. І гэтая справа вопыту, калі першы раз ты атрымліваеш музейны выбітны інструмент у рукі, то адчуваеш вялікае трапятанне і хваляванне, і вельмі асцярожна з ім абыходзішся. Але з цягам часу, калі праз рукі праходзіць усё больш і больш такіх каштоўных інструментаў, то вучышся імі карыстацца і трымаеш іх прасцей", - кажа Шышкоў.
Таксама ў размове - пра тое, як запісваўся сольны дыск Арцёма Шышкова з творамі Іагана Себасцьяна Баха, па якіх прычынах скрыпачу не блізкая ідэя сумесных выступаў з гучнымі рок-калектывамі і за што варта крыўдзіцца на рэгіянальных журналістаў у роднай краіне. Падрабязнасці - у відэатрансляцыі.