МІНСК, 13 ліс - Sputnik. Выязны гандаль арганізуюць на ўсіх выбарчых участках Мінска ў дзень выбараў. Пра гэта начальнік галоўнага ўпраўлення гандлю і паслуг Мінгарвыканкама Ніна Емяльянава паведаміла журналістам у сераду.
"Разам з арганізацыяй буфетаў у памяшканнях, дзе знаходзяцца выбарчыя ўчасткі, гандаль разгорнецца і звонку, на прылеглых тэрыторыях", - распавяла Емяльянава, яе цытуюць "Мінск-Навіны".
Паблізу участкаў усталююць латкі з гароднінай і садавінай, тут жа размесцяцца спецыялізаваныя аўтамабілі па продажы жывой рачной і сажалкавай рыбы. Знойдуцца і гатовыя стравы: шашлыкі і юшка, усім жадаючым прапануюць бясплатныя цёплыя напоі.
"Мы правялі параўнальны аналіз цэн па прапанаваным асартыменце прадукцыі. Яны значна ніжэй, чым у цяперашні час у гандлёвай сетцы Мінска", - адзначыла начальнік упраўлення.
Вядома, што працаваць буфеты ў дзень выбараў будуць з 08:00 да 20:00. Дарэчы, гандляваць стануць і беларускімі нехарчовымі таварамі, уключаючы аўтарскія вырабы. Усё будзе прапанавана без гандлёвай надбаўкі - па цане вытворцы.
Адзначаецца таксама, што 17 лістапада на выбарчых участках пройдуць дэгустацыі прысмакаў (і не толькі) ад найбуйнейшых айчынных прадпрыемстваў, а таксама прома-акцыі, прэзентацыі і майстар-класы ад рамеснікаў.
Па словах намесніка начальніка ўпраўлення культуры Мінгарвыканкама Аляксандра Шастакова, на 676 выбарчых участках сталіцы пройдуць канцэрты і выставы. Выступяць як салісты, так і цэлыя калектывы.
"Чакаецца выступ заслужанай артысткі Рэспублікі Беларусь Алены Ланской, заслужанага артыста Рэспублікі Беларусь Аляксандра Саладухі, народнага артыста Рэспублікі Беларусь Мікалая Скорыкава, ансамбля "Песняры", - растлумачыў ён.