Да возера радасці: чаму ўсе захацелі ўбачыць кароткаметражку па Марціновічу

© Photo : ART Corporation (2019)Беларуская актрыса Насця Пляц
Беларуская актрыса Насця Пляц - Sputnik Беларусь
Падпісацца
Нам усім вельмі патрэбна сваё "Возера радасці". Але хто б мог падумаць, што нам была патрэбна яшчэ і яго экранізацыя - калумніст Sputnik Алена Васільева пра ўражанні пасля прэм'еры.

Я не памятаю другую кароткаметражку, якую б чакалі як "Возера радасці" Аляксея Палуяна паводле рамана Віктара Марціновіча. Ну добра, можа, "Прыбыццё цягніка" ў пазамінулым стагоддзі.

Пісьменнік Віктар Марціновіч - Sputnik Беларусь
Марціновіч: "Возера радасці" - мая найменш кінематаграфічная кніга

Я, само сабой, перабольшваю, але "Масква" ўчора была перапоўненая, як быццам там паўторна вырашылі правесці цырымонію адкрыцця "Лістапад" - не перабольшваю.

Фільм ехалі глядзець нават з іншых гарадоў. Рэжысёру Палуяну з Гомеля прывезлі цукеркі. Юнай акторцы Насці навезлі кветак. На імправізаванай чырвонай дарожцы гралі песні з фільма любанскія музыканты.

Калі б кароткаметражка пра дзяўчынку Ясю ўразіла гледача таксама, як тая кароткаметражка пра цягнік, я напісала б рэпартаж з прэм'еры. Але яна не ўразіла, а кранула - і пра такое можна нічога або калонку.

Дзяўчынка Яся і дзяўчынка Наста

Незадоўга да старта праката "Возера радасці" Віктар Марціновіч у сваім "Фэйсбуку" напісаў нешта накшталт - па ўсіх пытаннях аб прэм'еры/квітках/etc. звяртайцеся да рэжысёра Аляксея Палуяна.

"Усё, што можна, я для дзяўчынкі Ясі ўжо зрабіў".

Яся - галоўная гераіня "Возера радасці". У фільме Палуяна яе ролю выконвае юная Наста Пляц - сем дзён назад у яе быў дзень нараджэння, і ўчора ёй неслі кветкі прама на сцэну кінатэатра "Масква".

Да здымак фільма Наста з Беларусі не выязджала - вырасла ў SОS-Дзіцячая вёска. Гісторыя Ясі, ад якой адмовіўся яе бацька, зразумелая Насці, магчыма, лепш, чым поўнай зале кінатэатра.

Вельмі хацелася б абыйсціся ў гэтым тэксце без слоў пра "ролі мастацтва ў жыцці чалавека", але паспрабуй тут абыйсціся. Жыццё Насты Пляц змянілася. Яна ўжо атрымала прыз як лепшая актрыса на прэстыжным міжнародным фестывалі. Цяпер і гледачы ў Мінску прасілі Насту з імі сфатаграфавацца. Наста ўсміхалася і пагаджалася.

Марціновіч у самай справе зрабіў для дзяўчынкі Ясі ўсё, што мог.

Вераніка Пляшкевіч - Sputnik Беларусь
Актрыса Вераніка Пляшкевіч пра ролю Паўліны Мядзёлкі, прыгажосць і "мыладрамы"

Адзін з маіх любімых пісьменнікаў, брытанец Эдвард Сэнт Обін, выдаў пяць раманаў, па матывах якіх пазней знялі серыял з Бэнэдыктам Камбербэтчем. Сэнт Обін тады выдыхнуў і сказаў - ён рады, што цяпер гісторыя пра Патрыка Мелроуза больш не яго гісторыя. Зараз гэта гісторыя Камбербэтча.

А "Возера радасці" зараз гісторыя Насты Пляц.

Фільм Палуяна - вольная інтэрпрэтацыя рамана. Настолькі вольная, што адна з глядачак пасля паказу прызнавалася рэжысёру, што фільм больш падобны на дакументальную карціну, чым на мастацкую.

Чытаць паміж радкоў у фільме амаль няма чаго. Там наогул не вельмі шмат і радкоў, і слоў: усё, што хацеў сказаць рэжысёр - на тварах акцёраў. А яшчэ ў тытрах - гэты фільм Палуян прысвяціў свайму бацьку, які ўчора быў у зале.

У "Возеры радасці" згулялі і прафесійныя акцёры, і жыхары вёскі, у якой ішлі здымкі. Калі працавалі над сцэнай вяселля і папрасілі мясцовых жыхароў паўдзельнічаць у масоўцы, прыйшоў чалавек восемдзесят - прыгожыя і з падарункамі. Аказалася, гуляючы па вёсцы, заклік рэжысёра паўдзельнічаць у здымках вяселля трохі трансфармаваўся - людзі вырашылі, што гэта сам Палуян гуляе вяселле. І проста прыйшлі яго павіншаваць.У масоўцы яны ў выніку таксама зняліся.

Да радасці

Афіша "Возера радасці" з'явілася неўзабаве пасля таго, як з кінатэатра "Масква" знялі іншую афішу - "Да радасці". "Да радасці" - адсылка да фільма Інгмара Бергмана, у гэтым годзе гэтыя словы сталі слоганам "Лiстапада". А цяпер там, дзе паказвалі сусветнае кіно, ідзе беларускі кароткі метр.

На прэм'еру прыйшла ці ледзь не ўся мінская багема - журналісты, кінакрытыкі, акцёры, а таксама сябры журналістаў, сябры кінакрытыкаў і акцёраў. Я не ведаю, у чым прычына - у абаяльнасці Насты, у шчырасці фільма ў цэлым, у прозвішчы Марціновіча ў тытрах?

"Я вырашыла, трэба прыйсці. Гэта ўсё ж такі падзея. Не ведаю, з'ява ці што. Але падзея", - дзеліцца са мной знаёмая ў чаканні, калі адчыняцца дзверы ў залу.

Сам Марціновіч на паказ прыехаць не змог, але запісаў відэазварот. У ім ён распавёў, як чакаў гэтай прэм'еры. А потым успомніў, як будысцкі манах сказаў яму - вы, Віктар, увесь час чагосьці чакаеце.

Само "Возера радасці" - таксама шмат у чым пра чаканне.

Так, дарэчы, адзінае, чаго не хапае фільму - гэта нават не Марціновіча ў дзень прэм'еры, а самога "Возера радасці". Яно ў фільме так і не з'яўляецца, таму мне падаецца важным нагадаць усім, хто хацеў убачыць яго ў фільме:

"Возера Радасці тут, дзесьці зусім побач. Трэба проста не здавацца і веславаць".

Стужка навiн
0