Традыцыйнае народнае свята ў Строчыцах прайшло на мінулых выхадных і падаравала шмат пазітыўных эмоцый тым, хто засумаваў ад шэрай і бясснежнай зімы, якая зараз пануе ў Беларусі. Фотакарэспандэнт Sputnik Альфрэд Мікус наведаў свята і падзяліўся здымкамі старажытнага абраду.
Каляды – адно з галоўных беларускіх зімовых свят. Яно мае доўгую гісторыю і спалучае ў сабе як хрысціянскія, так і старажытныя традыцыі. Шматкаляровае карнавальнае шэсце з віфлеемскай зоркай адбываецца штогод напярэдадні свята Божага Нараджэння.
Сэнс народных абрадаў, якія праводзяцца падчас Каляд, у тым, каб наблізіць надыход сонечнага цяпла і забяспечыць добры ўраджай у новым годзе. У гэтым калядоўшчыкам дапамагаюць прыпеўкі, замовы і розныя магічныя дзеянні.
Калядоўшчыкі віншавалі гаспадароў хаты, спявалі песні, хадзілі з музыкай і танцамі. Сярод іх можна было сустрэць шмат розных персанажаў - Казу, Мядзведзя, Цыгана, Дзеда і Бабу, Урача, Чорта і іншых.
У гэтым годзе ў Беларускім дзяржаўным музее народнай архітэктуры і побыту Каляды зладзілі ў дзень зімовага сонцастаяння, які ў старажытны час быў адным з чатырох асноўных дней сонцавароту. Як гэта было, глядзіце ў фотастужцы Sputnik.