МІНСК, 22 сту - Sputnik. Стары замак у Гродне пасля рэстаўрацыі можа стаць адной з турыстычных жамчужын краіны, заявіў першы намеснік кіраўніка Адміністрацыі прэзідэнта Максім Рыжанкоў.
Прадстаўнік адміністрацыі прыехаў у абласны цэнтр, каб асабіста праверыць, як выконваюцца даручэнні прэзідэнта Аляксандра Лукашэнкі, якія былі дадзены ў мінулым годзе, у тым ліку як ідзе рэстаўрацыя Старога замка.
У цяперашні час гарадзенскія будаўнікі выконваюць работы першай чаргі праекта рэстаўрацыі, на якія сродкі вылучаліся з дзяржаўнай інвестыцыйнай праграмы.
"Работы ідуць актыўна. Зрабіць трэба будзе яшчэ нямала, аднак ужо цяпер відаць, што калі будзе рэалізавана ўсё задуманае, то замак у Гродне стане адной з самых яскравых турыстычных жамчужын у краіне", - цытуе Рыжанкова БелТА.
Фэйкавую барока ў Гродне
Дыскусіі вакол праекта архітэктара Уладзімір Бачкова вядуцца ўжо не першы год. Асноўная крытыка зводзіцца да таго, што за аснову праекта ўзяты састарэлыя дадзеныя і памылковая гіпотэза аб тым, што замак будаваў італьянскі дойлід Санці Гучы.
У выніку пасля правядзення першага этапу работ у замку, які ўзводзіўся для караля Рэчы Паспалітай і вялікага князя ВКЛ Стэфана Баторыя, на тэрыторыі замка ўжо пабудавана камяніца. Прычым гістарычныя крыніцы паказваюць на тое, што яе там не было.
Пасля непрацяглай крытыкі гарадзенскія чыноўнікі пагадзіліся змяніць контуры купала над уязнымі варотамі. Але гэта можна лічыць толькі малой тактычнай саступкай, таму што пры рэканструкцыі ў варотах прабілі акно і знеслі арыгінальныя часткі сцен, каб надбудаваць трэці паверх галерэі, якога не было.
Атрымліваецца, што калі праект Бачкова не зведае зменаў, узгодненых з гісторыкамі, у выніку атрымаецца паўнавартасная гістарычная фальсіфікацыя, выкананая за бюджэтныя грошы.
Гістарычная дакладнасць прынесена ў ахвяру
У лістападзе мінулага года ў Новым замку нават прайшла спецыяльная канферэнцыя, прысвечаная ходу рэканструкцыі адзінай на тэрыторыі сучаснай Беларусі рэзідэнцыі Стэфана Баторыя.
Зараз рэканструкцыя замка нагадвае, хутчэй, будпляцоўку, што тлумачыць і той факт, што падрадчыкам выступае "Гроднаграмадзянпраект". Гэтая арганізацыя за час свайго існавання не пабудавала нічога акрамя "панэлек" у Гродне.
У ходзе канферэнцыі супрацоўнік Інстытута гісторыі НАН Беларусі Мікалай Волкаў звяртаў увагу, што пры распрацоўцы архітэктурнага праекта не ў поўным аб'ёме ўлічаныя крыніцы і інвентары замка Баторыя, у якім у свой час праводзіліся Соймы Рэчы Паспалітай, што рабіла Гродна фактычна другой сталіцай краіны.
На думку гісторыка, калі рэканструкцыя замка будзе праведзена без глыбокіх гістарычных даследаванняў, гэта прывядзе да таго, што "пазней будуць знойдзеныя невядомыя цяпер крыніцы і па іх правядуць 3D рэканструкцыю. Атрымаецца, што вынік такой рэканструкцыі не супадзе з тым, што плануецца пабудаваць".
Зараз ніхто не ставіць пад сумнеў важнасць замка Баторыя для беларускай гісторыі і тую ролю, якую ён можа мець для развіцця турызму ў Гродне. Важна выканаць баланс паміж бюджэтнай логікай чыноўнікаў, фантазіямі архітэктараў і гістарычнай дакладнасцю, каб замест Старога замка перад скурпулёзнымі турыстамі з Заходняй Еўропы не паўстаў яшчэ адзін "Дыснэйлэнд".