МІНСК, 1 лют - Sputnik. У бліжэйшы час ЗША прызначаць пасла ў Беларусі, сказаў кіраўнік Дзярждэпартамента Майкл Пампеа на сустрэчы з прэзідэнтам Беларусі Аляксандрам Лукашэнкам, перадае карэспандэнт Sputnik.
Сёння кіраўнік амерыканскага Дзярждэпу прыбыў з візітам у Беларусь. Раніцай ён сустрэўся ў прэзідэнтам краіны.
Па словах Пампеа, ён памятае пра сумесную барацьбу з тэрарызмам па ўсім свеце, і ён выдатна зразумеў прэзідэнта Беларусі (Аляксандр Лукашэнка нагадаў аб сумеснай спецаперацыі - Sputnik).
"Мы вельмі высока цэнім вашу працу. Я спадзяюся, што мы зможам далей развіваць нашы адносіны ў гэтым кірунку", - сказаў Пампеа.
Пасля чаго удакладніў, што гэта тычыцца і амерыканскіх інвестыцый, каб ствараць магчымасці для суверэнітэту Беларусі, і дыпламатычных адносін.
"У бліжэйшы час мы прызначым нашага пасла. Ён будзе тут (у Мінску - Sputnik)", - запэўніў кіраўнік Дзярждэпартамента.
"У вас працяглая гісторыя (адносін - Sputnik) з Расіяй, але мы не гаворым пра выбар паміж намі і імі", - сказаў амерыканскі высокапастаўлены чыноўнік.
На думку Пампеа, усе намаганні, якія прадпрымаліся на дыпламатычным узроўні, накіраваны на тое, каб забяспечыць развіццё эканамічных адносін і каб амерыканскія прадпрыемствы былі прадстаўлены ў Беларусі. Гэта павінна спрыяць развіццю грамадства і стварэнню працоўных месцаў.
"Мы працуем над пытаннямі правоў чалавека. У нас ёсць занепакоенасць з гэтай нагоды. Мы будзем прасоўваць гэтыя рэформы, каб былі абароненыя правы людзей. Мы ўпэўненыя, што разам мы зможам дамагчыся поспеху", - прызнаў Пампеа.
Пратакольная частка завяршылася жартам кіраўніка Дзярждэпартамента аб тым што ён "любіць амерыканскія СМІ, але яны ніколі не спяшаюцца выходзіць з кабінета". Лукашэнка ў адказ на гэта дадаў, што "у нас кажуць, што СМІ - гэта чацвёртая ўлада". "Я не супраць, але не забывайце, што вы чацвёртая ўлада, а не першая", - пажартаваў прэзідэнт.
12 доўгіх гадоў
Адносіны Мінска і Вашынгтона павярнуліся скандалам у 2008 годзе. Пасля адмовы беларускіх уладаў вызваліць з калоніі апазіцыйнага палітыка і экс-кандыдата ў прэзідэнты Аляксандра Казуліна ў дачыненні да беларускіх уладаў былі пашыраныя санкцыі, уведзеныя яшчэ ў 2006 годзе.
Рэстрыкцыі 2008 года ў першую чаргу закранулі прадпрыемствы, якія ўваходзяць у канцэрн "Белнафтахім". Міністэрства фінансаў ЗША замарозіла ўсё змешчаныя пад амерыканскай юрысдыкцыяй банкаўскія рахункі канцэрна і яго прадстаўніцтваў у Германіі, Латвіі, Украіне, Расіі і Кітаі.
Рэакцыя Мінска была неадкладнай - з Вашынгтона быў адкліканы беларускі пасол Міхаіл Хвастоў, пасля гэтага амерыканскі пасол Карэн Сцюарт таксама была вымушаная ў адказ пакінуць беларускую сталіцу.
Пасля таго, як у 2015 годзе большасць абмежаванняў у дачыненні да Беларусі былі замарожаныя Белым домам, пачалося паступовае наладжванне адносін. Апошнія некалькі гадоў ішоў двухбаковы дыялог аб магчымым вяртанні паслоў у краіны.