Адганялі д'ябла, заваблівалі каханкаў: як выкарыстоўвалі соль нашы продкі

© Sputnik / Тарас Литвиненко / Перайсці ў медыябанкМарская соль, архіўнае фота
Марская соль, архіўнае фота - Sputnik Беларусь
Падпісацца
Этнограф Ларыса Мятлеўская распавядае, чаму нашы продкі лічылі соль адным з лепшых абярэгаў і як яна дапамагала ў правядзенні прываротных абрадаў.
Бадай, ні адзін з прадуктаў харчавання не звязаны з такім мноствам звычаяў і забабонаў як соль. Нашы продкі лічылі соль сімвалам мудрасці і вечнасці, а прыкмета аб тым, што рассыпаная соль – знак хуткіх непрыемнасцяў, існуе і да гэтых дзён.
У традыцыйным побыце сялян соль па сваім сакральным статусе займала другое пасля хлеба месца. Увогуле, два гэтыя прадукты харчавання разглядаліся як адзінае цэлае, бо нават падчас правядзення пэўных абрадаў іх выкарыстоўвалі разам. Людзі нават показку склалі: "Неразлучныя як хлеб і соль".
Хлеб ды соль у беларускай традыцыі заўсёды побач
Нават зараз часта можна пачуць выслоўе "хлеб-соль", якое гаспадары выкарыстоўвалі, каб падкрэсліць урачыстасць моманту падчас сустрэчы гасцей.
У беларусаў заўсёды было прынята трымаць на стале хлеб і драбінку солі. Накрываючы стол, гаспадыні ў першую чаргу ставілі на яго салонку. Саліць, як і рэзаць, у даўнія часы меў права толькі гаспадар. Гэта было звязана з верай у тое, што наяўнасць солі ў хаце абяцае здароўе і дабрабыт.

Соль ці соля?

У народнай гаворцы часта можна было пачуць слова "соля" замест соль і "солны" замест салёны - "за соляю ездзілі", "цажу грыбы, заліваю вадой з соляй, "страва дужа солна".
Звараную ў салёнай вадзе бульбу называлі "соляная бульба" або "солянка".
Пра соль, як пра адзін з самых важных прадуктаў, людзі абавязкова складалі прыказкі і прымаўкі:
  • "Дурны як сала без солі" –пра дрэннага чалавека;
  • "Нада як солі ў вочы" – выкарыстоўвалі, каб адзначыць штосьці непатрэбнае, лішняе;
  • "Праўда як соль у вочы" – пра балючыя, але праўдзівыя словы;
  • "Начай солі хто ў вочы насыпаў" – пра незразумелы боль у вачах;
  • "Чалавек без работы, як ежа без солі" – казалі працавітыя беларусы пра часы, калі не было ніякай працы;
  • "Зарабіць як курыцы на соль" – характэрызавалі невялікі заробак;
  • "Прапаў, як соль на вадзе" – пра бясследнае знікненне чагосьці;
  • "Чалавек без сябра, ўто ежа без солі" – пра каштоўнасць сяброўства;
  • "Пуд солі з’есці" – прайсці з чалавекам праз шматлікія выпрабаванні і непрыемнасці.
Дарэчы, з’едзеная з кім-небудзь соль у даўніну лічылася сімвалам сяброўства. Менавіта таму і казалі пра ўжыванне пуду солі для таго, каб даведацца ўсё пра чалавека. Але, што тычыцца часавага вызначэння гэтага перыяду, то ў розных пакаленняз яно было розным.
Справа ў тым, што фізіялагічныя нормай для аднаго чалавека лічыцца 5 грамаў солі ў дзень. Па дадзеных фізіёлагаў, сучасны чалавек з’ядае ў год каля пяці кілаграмаў солі, адсюль можна зрабіць выснову, што сучасны тэрмін праверкі сяброўства складае 1,5 або 2 гады. Нашым продкам на такую праверку патрабавалася больш часу, бо соль была дарагім прадуктам і яе было складана набыць.

Чаму нячысцікі баяцца солі?

Соль адрознівала ежу чалавека ад дзікай жывёльнай, таму заўсёды была адным з універсальных абярэгаў. У старажытнасці лічылася, што д’ябал і ўсе астатнія нячысцікі баяцца солі. Вядома таксама, што шатландцы ў старажытнасці адганялі пякельных дукаў, ставячы на жывот памерлым соль. Нашы ж продкі падчас прыгатавання памінальнай ежы спецыяльна не выкарыстоўвалі соль.
Воўк - Sputnik Беларусь
Пілі кроў і елі мазгі: хто такія ваўкалакі і што пра іх казалі нашы продкі
Вера ў ахоўныя якасці соль была настолькі моцнай, што для нейтралізацыі чарадзейскага позірку лічылася дастаткова адно толькі вымаўленне формулы: "соль табе ў вочы" або "соль -пячына, да чорт з тваімі вачыма".
Асабліва цанілася ў нашых продкаў "чацвярговая соль". Перад Вялікаднем ў "чысты чацвер" буйную соль перамешвалі з мякаццю аржанога хлеба або кваснай гушчай і перапякалі ў печы, таўклі, пасыпалі велікодныя яйкі і, надалей ужывалі напрацягу года, дадаючы ў розныя стравы.
Моцнай таксама лічылася соль, асвечаная  ў царкве непасрэдна на Вялікдзень. Яе сыпалі ў апошнія каласы на дажынках,  выкарыстоўвалі ў медыцынскай магіі, пасыпалі ёй хлеб падчас шматлікіх сямейных і каляндарных рытуалаў. Напрыклад, малады, перад тым, як выправіцца ў сваты, павінен быў згрызці драбок солі і выплюнуць яе на парог, каб у будучыні у сям“і не паміралі дзеці. Драбок солі, хлеб і часнок, загорнутыя ў анучку, падвязвалі маладой пры ад’ездзе да шлюбу, каб засцерагчы яе ад чараў. Хлеб, абторканы кавалкамі солі,  адмыслова свяцілі ў дзень святой Агаты і потым выкарыстоўвалі для адводу ад хаты пажару. Гэты ж хлеб з соллю чаплялі на рогі карове, каб не баялася сурокаў. Апрача таго соль выкарыстоўвалася і ў любоўнай магіі: калі вакол упадабанай асобы абнесці ўпотай шчопаць солі, то неўзабаве ў яе з’явяцца гарачыя пачуцці. Таму пра закаханых казалі: "Ці не соллю іх абнеслі"?
Дарэчы варажба пры дапамозе солі называецца "аламантыя". Так, каб вызначыць ці будзе жыць моцна хворы, яму клалі соль у руку і прасілі сціснуць яе. Калі соль не сыпалася, то моц у чалавеку была і ён мусіў выжыць.
Цікава, што стаўленне да солі як да абярэга жыве ў народзе і ў наш час. Так, некалькі дзесяцігоддзяў таму, у адным з мінскіх радзільных дамоў старэнькая нянька навучала парадзіху ратаваць ад сурокаў дзіця так: "Калі ўпершыню пойдзеш на вуліцу з немаўляткам, то каб яно не плакала пасля без дайпрычыны, абсып вакол калыскі соллю. Зрабі так адзін раз".
Жыве і перакананне, што рассыпаць соль - дрэнная прыкмета, паводле якой чакалі ў хаце сваркі. Каб тая не адбылася, трэба згрэбці соль і запаліць над ёй агонь або адразу рассмяяццца, або ўзяць шчопаць рассыпанай солі і кінуць яе праз левае плячо на якім, на якім, згодна з павер’ямі, сядзіць д’ябал. А яшчэ можна дазволіць таму, хто побач, стукнуць сябе па ілбе.
Чытайце таксама:
Стужка навiн
0