МІНСК, 25 сак - Sputnik. Міністр аховы здароўя Беларусі Уладзімір Каранік патлумачыў, чаму ведамства не называе гарады пацыентаў з COVID-19.
Падчас стрыма для студэнтаў, які ў сераду правёў Міністэрства аховы здароўя, міністра спыталі аб тым, чаму больш не называюцца гарады, у якіх выяўлены хворыя на каронавірус.
Як патлумачыў Каранік, спачатку Міністэрства аховы здароўя спрабавала даваць больш падрабязную інфармацыю пра тых, хто захварэў, аднак СМІ і блогеры "пачалі ўмешвацца ў асабістае жыццё грамадзян і сеялі панічныя настроі".
Міністр растлумачыў: з-за гэтага людзі сталі неахвотна звяртацца ў медыцынскія ўстановы і паведамляць пра свае кантакты.
Па словах міністра аховы здароўя, незалежна ад месца жыхарства, клапаціцца пра сваё здароўе трэба заўсёды, бо мы жывем у глабальным свеце. Таму нават у гарадах без выяўленай інфекцыі неабходна выконваць меры засцярогі.
Нагадаем, у Беларусі ўжо былі зафіксаваныя выпадкі, калі людзі хавалі факты наведвання замежжа і не наведвалі медыкаў: з-за падобных паводзін аднаго з мінскіх бізнесменаў пад назіранне ўрачоў у выніку патрапілі некалькі сотняў чалавек, а сам ён апынуўся ў стане сярэдняй цяжкасці.
Паводле апошніх дадзеных, каронавірус COVID-19 быў зафіксаваны ў Мінску, а таксама Гродзенскай, Гомельскай і Віцебскіх абласцях. Усяго колькасць хворых на сёння складае 86.