МІНСК, 6 мая - Sputnik. Прэзідэнты Беларусі і Расіі Аляксандр Лукашэнка і Уладзімір Пуцін напярэдадні падчас тэлефоннай размовы абмеркавалі ўвесь спектр найбольш актуальных пытанняў двухбаковых адносінаў, паведамілі ў аўторак у прэс-службе беларускага лідара.
"У тым ліку гаворка ішла аб падрыхтоўчых мерапрыемствах святкавання 75-годдзя Вялікай Перамогі, узаемадзеянні ў рамках інтэграцыйных структур (у прыватнасці, асобныя кадравыя пытанні па лініі Саюзнай дзяржавы)", - адзначылі ў прэс-службе.
Лукашэнка расказаў расійскаму калегу аб падрыхтоўцы парада да 75-годдзя Перамогі і пра сітуацыю ў Беларусі ў цэлым.
Лідары дзвюх краін абмяняліся інфармацыяй адносна мер, якія прымаюцца ў двух краінах для барацьбы з пандэміяй каронавіруса.
Лукашэнка ў тэлефоннай размове перадаў пажаданні хутчэйшага выздараўлення расійскаму прэм'еру Міхаілу Мішусціну, паведаміла прэс-служба Крамля.
Нагадаем, Мішусцін на мінулым тыдні паведаміў прэзідэнту РФ, што ўзяты ў яго тэст паказаў станоўчы вынік на каронавірус.
Да тэмы правядзення парада Перамогі ў Мінску Аляксандр Лукашэнка вярнуўся 5 мая, калі прыехаў на рэспубліканскі палігон для выпрабаванняў мабільных машын Аб'яднанага інстытута машынабудавання Нацыянальнай акадэміі навук.
Журналісты пацікавіліся ў беларускага лідара, як ён ставіцца да негатыўнай рэакцыі некаторых СМІ на правядзенне параду ва ўмовах пандэміі каронавіруса. Лукашэнка ў адказ заявіў, што "рэакцыя павінна быць своечасовай, мэтанакіраванай і адэкватнай". Таксама, карыстаючыся выпадкам, ён публічна запрасіў на парад 9 мая лідараў іншых дзяржаў.
Нагадаем, Сусветная арганізацыя аховы здароўя раней выказала занепакоенасць намерам беларускіх уладаў правесці парад на фоне эпідэміі каронавіруса.
Паводле апошніх звестак Міністэрства аховы здароўя, колькасць выяўленых выпадкаў каронавіруса ў рэспубліцы дасягнула 18 350. Больш за 3,7 тысячы пацыентаў ужо паправіліся і выпісаныя. Памерлі 107 чалавек з шэрагам хранічных захворванняў і выяўленай каронавіруснай інфекцыяй.