Палкоўнік Васіль Сяргеевіч Гайдукевіч, дзядуля дэпутата Алега Гайдукевіча, вайну застаў зусім маладым чалавекам.
Васіль Гайдукевіч нарадзіўся ў простай сялянскай шматдзетнай сям'і ў Мінскай вобласці. Яго бацька быў кавалём.
Разумеючы, што сын не хоча пераймаць прафесію, бацька накіраваў юнага Васіля Гайдукевіча дыспетчарам на тэлефонную станцыю. Там пятнаццацігадовы малады чалавек і дзяжурыў 22 чэрвеня 1941 года.
Калі пачуўся званок з паведамленнем пра тое, што пачалася вайна, ён разгубіўся.
"Бамбёжкі - пра што гаворка? Малады хлопчык, наперадзе летнія канікулы, ён думаў пра добрае, а яму кажуць, што тэрмінова трэба ўсіх мабілізаваць, эвакуіраваць. Нават запісаўшы усё ў журнал, ён не да канца разумеў, што адбылося. Бо вайну заспелі людзі розных узростаў і пакаленняў. Людзі будавалі планы, хацелі жыць, думалі пра сваю будучыню. і мой дзед быў такім простым хлопчыкам. Яму было 15 гадоў, калі пачалася Вялікая Айчынная вайна", - успамінае гісторыю дзеда Алег Гайдукевіч.
Васіль Гайдукевіч на свае вочы ўбачыў і акупацыю. У партызанскі атрад яго спачатку не ўзялі з-за ўзросту, але некаторыя заданні давяралі. Паўнавартасным партызанам ён стаў ў 1943 годзе.
Пазней ён успамінаў свой першы бой.
"Скончыліся патроны. Ён не разумеў, што рабіць далей. Баявыя таварышы падтрымалі, далі наган. Ён расказваў гэта без налёту пафасу. І ты разумееш, наколькі гэта страшна - тое, што людзі перажылі", - успамінае Алег Гайдукевіч.
Ён запэўнівае - менавіта дзед, партызан, падпольшчык, франтавік, афіцэр, аказаў моцны ўплыў на яго выхаванне.
Каб памяць пра Васіля Сяргеевіча захоўвалася, сям'я выдала кнігу яго ўспамінаў пра вайну.
"Кнігу выдалі яшчэ пры яго жыцці, калі дзядулі было 75 гадоў. Яна напісана простай мовай простага чалавека. Мне пашчасціла дзеда чуць, а маім дзецям не пашчасціла, і дзякуючы гэтай кнізе яны могуць сцісла даведацца пра яго шлях", - кажа Алег Гайдукевіч.
Вайна для Васіля Гайдукевіча скончылася толькі ў 1949 годзе.
"Ён прадоўжыў службу ў войсках НКУС, вёў барацьбу з бандытамі ў лясах нашай краіны", - кажа Гайдукевіч.
А далей пачалося цяжкае мірнае жыццё - аднаўленне Мінска, краіны.
"Я застаў яго жывым, ён мяне і на руках трымаў, паспеў паглядзець, як я вырас", - успамінае дзеда Алег Гайдукевіч.
Яго ўспаміны глядзіце ў праекце Sputnik "Франтавая пераклічка".
"Франтавая пераклічка" - традыцыйны праект прэс-цэнтраў Sputnik Блізкае Замежжа. У 2020 годзе мерапрыемства будзе праводзіцца ў трэці раз. Але абмежавальныя меры па прычыне пандэміі COVID-19 унеслі карэктывы.
Відэамастоў, якія злучаюць прэс-цэнтры розных рэдакцый, не будзе. Будуць публікавацца відэаролікі з вядомымі грамадзянамі і дзяржаўнымі дзеячамі гэтых краін, якія раскажуць сямейныя гісторыі пра ўдзельнікаў Вялікай Айчыннай вайны.