"Яшчэ адна тэма, якая ўсплыла, гэта альтэрнатыўны падлік галасоў у дзень выбараў. І Генеральнай пракуратуры, і судам варта даць ацэнку законнасці падобных ініцыятыў. У судах, калі такія звароты туды паступяць", - цытуе Лукашэнку БелТА.
На думку прэзідэнта, усе беларусы, якія прыйшлі на выбарчыя ўчасткі, павінны мець магчымасць зрабіць гэта ў спакойнай і святочнай абстаноўцы, не баючыся, што хтосьці ўмяшаецца ў свабоднае волевыяўленне.
Дадатковыя меры бяспекі
"Зразумела, што выбары пачаліся, датэрміновае галасаванне ідзе, але будзе нялішнім з улікам вопыту на сённяшні дзень яшчэ раз ацаніць бягучую сітуацыю і, калі спатрэбіцца, выпрацаваць дадатковыя меры па забеспячэнні бяспекі на бліжэйшы перыяд", - канстатаваў кіраўнік дзяржавы.
Пры гэтым ён звярнуў увагу, што абстаноўка уладам вядомая, але разам з тым ёсць і новыя фактары, таму чыноўнікам трэба прапанаваць рашэнні па гэтых пытаннях.
Лукашэнка нагадаў сілавому блоку аб пастаўленай раней задачы - прыцягнуць да адказнасці ўсіх, хто агучыў пагрозы ў адрас дзяржаўных служачых у адпаведнасці з айчынным заканадаўствам.
"У нас дастаткова рэсурсаў, каб абараніць людзей дзяржавы, якія сёння фактычна бясплатна, бязвыплатна працуюць на краіну", - падкрэсліў ён.
Як кантралююць ход выбараў
Асноўнымі інструментамі кантролю на выбарах-2020 застаюцца назіральнікі. Выбаркамамі акрэдытавана больш як 48 тысяч нацыянальных назіральнікаў, якія прадстаўляюць розныя платформы і кірункі: ад "Белай Русі" да ініцыятывы "Сумленныя людзі". Таксама накіраваныя ў Беларусь і замежныя назіральнікі: ад выканаўчага камітэта СНД і міжпарламенцкай асамблеі СНД.
Альтэрнатыўны метад кантролю за выбарамі з'явіўся ўпершыню на гэтых выбарах. Платформу "Голас" стварылі на спецыяльным хатаконе: пры дапамозе месенджараў распрацоўшчыкі прапануюць выбаршчыкам адправіць фатаграфіі сваіх бюлетэняў, каб ажыццявіць незалежны падлік галасоў. Як заяўляла кіраўнік ЦВК Лідзія Ярмошына, пытанне фатаграфавання бюлетэняў заканадаўствам не рэгулюецца, аднак публікацыя такіх здымкаў да закрыцця участкаў можа быць расцэненая як агітацыя.
Працэс будзе забяспечаны
Беларускі прэзідэнт запэўніў, што самым уважлівым чынам назірае за сітуацыяй, якая разгортваецца вакол датэрміновага галасавання ў ходзе выбарчай кампаніі.
"Годна, прыгожа ідуць людзі. Нікому не замінаюць. Хтосьці на дачу хоча паехаць у выхадныя дні, нехта туды, хтосьці сюды. Як звычайна. Мы ж не па пошце галасуем, як у некаторых дзяржавах", - адзначыў Лукашэнка.
Пасля чаго рэзюмаваў, што ў рэспубліцы ёсць для галасавання ўчасткі, дзе праходзіць волевыяўленне. Беларусы ідуць на іх і аддаюць свае галасы.
"І мы павінны забяспечыць гэты працэс", - заклікаў чыноўнікаў кіраўнік дзяржавы.
ЦВК зарэгістраваў кандыдатамі ў прэзідэнты пецярых прэтэндэнтаў. Экс-банкіру Віктару Бабарыку і былому кіраўніку ПВТ Валерыю Цапкалу ў рэгістрацыі было адмоўлена.
У выбарчыя бюлетэні патрапілі імёны Андрэя Дзмітрыева, Ганны Канапацкай, Аляксандра Лукашэнкі, Сяргея Чарэчня і Святланы Ціханоўскай. Галасаванне на выбарах кіраўніка дзяржавы адбудзецца 9 жніўня.