Адразу дзве масавыя акцыі прайшлі ў цэнтры беларускай сталіцы 16 жніўня. Раніца пачалася з мітынгу ў падтрымку дзейнага прэзідэнта Аляксандра Лукашэнкі, які прайшоў на плошчы Незалежнасці каля Дома ўрада.
У другой палове дня гэтую пляцоўку ўжо занялі яго апаненты. Праціўнікі дзейнай улады сабраліся каля стэлы "Мінск - горад-герой", а адтуль маршам прайшлі да плошчы Незалежнасці.
На мітынгу ў падтрымку Лукашэнкі прысутнічаў і сам прэзідэнт. Ён адзначыў, што не з'яўляецца прыхільнікам такіх мерапрыемстваў, але яму давялося паклікаць прыхільнікаў на дапамогу.
"Я не хацеў вас зваць на гэтую плошчу, я ведаю, у вас вельмі шмат спраў дома. Вы збіраеце хлеб, рыхтуеце дзяцей у школу. Я памятаю 1990-я. Тут стаялі людзі - рабочыя - з каструлямі і чайнікамі прасілі есці. Я ўсё гэта бачыў з таго акна. І тады пакляўся дапамагчы вам і не дапусціць у лёсе беларусаў плошчаў", - сказаў Лукашэнка, звяртаючыся да прысутных.
"Я стаю перад вамі на каленях. Упершыню ў сваім жыцці. Вы гэтага заслужылі", - дадаў прэзідэнт.
Бліжэй да абеду ў цэнтр горада пачалі сцягвацца калоны пратэстуючых. Большасць людзей прыйшлі ў белых вопратках, многія прынеслі з сабой сцягі і плакаты, якія заклікаюць спыніць гвалт і правесці змену ўлады.
Ад стэлы пратэстоўцы рушылі да праспекта Незалежнасці. Транспартная артэрыя была перакрытая, людзі запоўнілі праспект, фатаграфаваліся ля будынка КДБ, а помнік Леніну на плошчы Незалежнасці заклеілі плакатамі, у якіх агучылі свае заклікі. Частка пратэстуючых спынялася каля СІЗА №1 на Валадарскага, людзі патрабавалі вызваліць палітвязняў.
Удзел у мітынгу прыняла і прадстаўніца аб'яднанага штаба Марыя Калеснікава. Пазней яна прыехала да прыхільнікаў і на плошчу Незалежнасці.
Нягледзячы на пратэстныя акцыі, якія ахапілі горад і доўжацца ўжо другі тыдзень, у адным беларусы застаюцца ранейшымі: пасля мітынгу, пратэстоўцы пачалі прыбіраць за сабой смецце, а падчас шматлюднай акцыі пратэсту на шляху ад стэлы да плошчы Незалежнасці раздавалі адзін аднаму ваду і пачастункі.