МІНСК, 1 вер – Sputnik. Беларусь будзе вымушана прыняць у дачыненні да краін Балтыі меры ў адказ пасля ўвядзення тымі санкцый, заявіў у панядзелак прэс-сакратар Міністэрства замежных спраў рэспублікі Анатоль Глаз.
У панядзелак стала вядома, што Літва, Латвія і Эстонія ўводзяць забарону на ўезд на сваю тэрыторыю 30 беларускіх грамадзян, сярод якіх прэзідэнт Аляксандр Лукашэнка, а таксама шэраг высокапастаўленых чыноўнікаў з розных ведамстваў.
"Мы ўважліва азнаёміліся з заявамі літоўскага, латвійскага і эстонскага бакоў. Як бы там ні было, гэта нашы суседнія краіны, таму іх меркаванне мае для нас значэнне. Хоць у святле апошніх паспешных крокаў, на жаль, усё менш і менш", - сказаў Глаз.
Ён таксама ўдакладніў, што гісторыя Беларусі пацвярджае: якія-небудзь спробы санкцыйнага уздзеяння на рэспубліку прыводзяць толькі да адваротнага эфекту.
"Мы заяўлялі раней, што Беларусь вымушана будзе прыняць адэкватныя меры ў адказ у дачыненні да ініцыятараў такіх крокаў. І гэта будзе зроблена", - сказаў прадстаўнік МЗС.
Глаз паведаміў, што беларускі бок будзе цярпліва чакаць, калі ў кіраўніцтва суседніх краін разумны сэнс пераможа. Ён таксама заявіў, што гэты момант наступіць хутчэй, чым можа здацца.
Пасля выбараў прэзідэнта, на якіх, паводле дадзеных ЦВК, перамог Аляксандр Лукашэнка, у Беларусі пачаліся пратэстныя акцыі. Першапачаткова людзі былі не згодныя з агучаным вынікам, згодна з якім за дзейнага прэзідэнта прагаласавала больш за 80% выбаршчыкаў. Пасля таго, як першыя акцыі былі жорстка падушаныя, людзі сталі выходзіць на вуліцы яшчэ і з патрабаваньнем спыніць гвалт.
Шэраг краін абвясціў пра непрызнанне вынікаў беларускіх выбараў, некаторыя краіны - удзельніцы ЕС заявілі аб увядзенні кропкавых санкцый у дачыненні да асоб, на іх думку, адказных за фальсіфікацыю вынікаў выбараў і гвалт у паслявыбарныя дні. Аб намеры ўвесці санкцыі заяўлялі і органы ЕС.