МІНСК, 3 вер - Sputnik. Беларусь і Расія значна прасунуліся ў вырашэнні набалелых пытанняў, заявіў Аляксандр Лукашэнка ў чацвер на сустрэчы са старшынёй урада Расіі Міхаілам Мішусціным.
Лукашэнка падзякаваў Мішусціну "за апошнія тыдні і, можа, нават месяц-паўтара", на працягу якіх актывізаваліся перамовы паміж урадамі краін.
"Мы дамовіліся з Уладзімірам Уладзіміравічам (Пуціным, прэзідэнтам РФ - Sputnik) яшчэ да выбараў пра гэта. І, як мне ўчора Раман Аляксандравіч (Галоўчанка, прэм'ер-міністр Беларусі - Sputnik) дакладваў, што вы значна прасунуліся ў вырашэнні тых пытанняў, набалелых для нас", - заявіў Лукашэнка.
Расставіць кропкі над i
Беларускі прэзідэнт таксама заявіў, што мае намер расставіць кропкі над i па вострых пытаннях двухбаковых адносін падчас маючай адбыцца сустрэчы з Уладзімірам Пуціным.
"Мы дамовіліся з прэзідэнтам РФ, што пасля вашага візіту ў Беларусь, пасля сустрэчы міністраў замежных спраў учора мы такую сустрэчу правядзем у Маскве і канчаткова расставім усе кропкі над i па тых пытаннях, якія вельмі адчувальныя і балючыя для дзвюх дзяржаў", - сказаў Лукашэнка.
Ён таксама выказаўся пра сітуацыю ў краіне, якая склалася пасля выбараў. Паводле яго слоў, выступы апазіцыі ў Беларусі і палітычны крызіс сталі ўрокам для абедзвюх краін.
"Гэты ўрок падштурхнуў нас зрабіць адпаведныя высновы ... дзве брацкія рэспублікі - і Расію, і Беларусь, - і па многіх пытаннях, па якіх мы раней не змаглі дамовіцца, мы дамовіліся", - падкрэсліў Лукашэнка.
НАТА каля межаў
Беларускі прэзідэнт гаварыў таксама пра становішча на заходніх граніцах Беларусі. НАТА, на яго думку, робіць недружалюбныя крокі.
"Мы вымушаныя былі адказваць, калі бачылі недружалюбныя крокі з боку блока НАТА каля нашых межаў. А для гэтага ўсе доказы ёсць, як бы яны ні апраўдваліся", - сказаў Лукашэнка.
Паводле яго слоў, гаворка ідзе аб перакідцы падраздзяленняў НАТА да межаў Беларусі, у тым ліку больш за паўтара дзясятка самалётаў F-16.
"Мы разгарнулі практычна палову нашай беларускай арміі. Фактычна ўзялі пад кантроль заходнія мяжы з Літвой і Польшчай. І, як я часта кажу, фактычна акружылі Гродна, каб супрацьстаяць гэтым пагрозам. Напэўна, гэтая дэманстрацыя дала свой вынік", - заявіў Лукашэнка.
Па яго прагнозах, спакойнага жыцця не будзе, але Беларусь будзе адстойваць свой суверэнітэт і незалежнасць.
Расія падтрымлівае
Мішусцін у сваю чаргу заявіў, што Расія цалкам падтрымлівае суверэнітэт і незалежнасць Беларусі.
"У гасцінным Мінску мы б асабліва хацелі падкрэсліць, што Расія цалкам падтрымлівае суверэнітэт, незалежнасць і тэрытарыяльную цэласнасць Беларусі", - сказаў расійскі прэм'ер.
Паводле яго слоў, Беларусь з'яўляецца роднай краінай для Расіі, і справа не толькі ў гістарычных, моўных, духоўных сувязях, але і "ў сотнях, тысячах ці мільёнах грамадзян, якія фактычна з'яўляюцца адным народам".
Пры гэтым будучыня Саюзнай дзяржавы будзе заснавана на незалежнасці дзвюх краін, "але з адпаведнымі мерапрыемствамі эканамічнага характару, пра якія мы дамаўляліся".
Паводле яго слоў, бакі абмяркоўваюць зняцце бар'ераў у гандлі, пашырэнне супрацоўніцтва ў культуры, спорце, ахове здароўя, энергетыцы, прамысловасці.
У Палацы Незалежнасці ў чацвер пройдзе пашыраная сустрэча прэзідэнта Беларусі Аляксандра Лукашэнкі, прэм'ер-міністраў Беларусі і Расіі Рамана Галоўчанка і Міхаіла Мішусціна, пасля якой запланавана сустрэча кіраўнікоў урадаў у пашыраным фармаце - з удзелам профільных міністраў дзвюх краін.